Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 63

Валер Булгакаў

Асабліва шырокі грамадзкі і палітычны рэзананс набыло Пасланьне Канстытуцыйнага Суду прэзыдэнту й Вярхоўнаму Савету ад 9 лютага 1996 г. У ім стан канстытуцыйнай законнасьці ў краіне быў прызнаны нездавальняючым. Суд прызнаў, што ў выніку неправамернага ўзмацненьня выканаўчай улады прыніжаюцца роля і значэньне іншых галінаў улады, што ў шэрагу выпадкаў законы падмяняюцца падзаконнымі актамі, што супярэчаць законам. Пасланьне абмяркоўвалася ў парлямэнце, і ў выніку была прынятая адмысловая пастанова Вярхоўнага Савету.

Канстытуцыя і Закон аб Канстытуцыйным Судзе не надалі суду права заканадаўчай ініцыятывы, то бок права ўносіць у парлямэнт праекты законаў. Разам з тым, артыкул 130 Асноўнага Закону даў суду права падаваць прапановы ў Вярхоўны Савет аб неабходнасьці зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі, а таксама аб прыняцьці і зьменах законаў. Такія прапановы належала абавязкова разглядаць. Гэта права суд выкарыстаў пры падрыхтоўцы штогадовых пасланьняў аб стане канстытуцыйнай законнасьці. Напрыклад, у Пасланьні Канстытуцыйнага Суду ад 9 лютага 1996 году было прапанавана стварыць у Рэспубліцы Беларусі пасаду ўпаўнаважанага ў правах чалавека, унесьці зьмены ў Канстытуцыю, надаўшы суду права афіцыйна тлумачыць Канстытуцыю, усталяваць адказнасьць за невыкананьне пастановаў Канстытуцыйнага Суду (апошняя прапанова была рэалізаваная парлямэнтам у чэрвені 1996 г.).

Канстытуцыйны Суд быў складнікам мэханізму вырашэньня пытаньня аб адказнасьці Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Згодна з артыкулам 104 Канстытуцыі, прэзыдэнт мог быць адхілены ад пасады ў выпадку парушэньня Канстытуцыі або пры зьдзяйсьненьні злачынства. Пытаньне аб адхіленьні прэзыдэнта магло быць пастаўленае на прапанову ня менш як 70 дэпутатаў парлямэнту. Заключэньне аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі мусіў даваць Канстытуцыйны Суд. З моманту вынясеньня такога заключэньня прэзыдэнт ня мог выконваць сваіх абавязкаў да прыняцьця Вярхоўным Саветам адпаведнай пастановы.

Аналіз некаторых пастановаў Канстытуцыйнага Суду першага складу

Канстытуцыйны Суд разгледзеў шэраг справаў па абароне правоў і свабодаў грамадзянаў, замацаваных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусі. У першую чаргу суд зьвяртаў увагу на прававую абарону грамадзянаў у галіне працоўных, грамадзянскіх, адміністрацыйных стасункаў.

Гэтак, насуперак патрабаваньню артыкула 5 Закону «Аб парадку ўступленьня ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі», што прадугледжвала дзеяньне законаў і іншых нарматыўных актаў (да таго, як яны будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй) толькі ў той частцы, у якой яны не пярэчаць Канстытуцыі, на практыцы прымяняліся нормы працоўнага заканадаўства, што не адпавядалі Канстытуцыі.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд сваім заключэньнем ад 23 верасьня 1994 году прызнаў неканстытуцыйнымі і ня маючымі сілы яўна дыскрымінацыйныя нормы, апісаныя ў артыкуле 181 і пункце 11 артыкула 33 Кодэксу законаў аб працы, што прадугледжвалі права наймальніка звальняць работнікаў пры дасягненьні імі пэнсійнага ўзросту.