Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 61

Валер Булгакаў

Асноўным заданьнем Канстытуцыйнага Суду, у адпаведнасьці з арт. 125 Канстытуцыі, было зьдзяйсьненьне кантролю за канстытуцыйнасьцю нарматыўных актаў у дзяржаве. Паводле арт. 127 Асноўнага Закону, Канстытуцыйны Суд ажыцьцяўляў кантроль за канстытуцыйнасьцю: а) законаў; б) міжнародных дамоваў і іншых абавязкаў Рэспублікі Беларусі; в) прававых актаў міждзяржаўных утварэньняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь (перш за ўсё меліся наўвеце акты, прынятыя ў рамках Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў); г) указаў прэзыдэнта; д) пастановаў кабінэту міністраў; е) актаў Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў і Генэральнага пракурора, што маюць нарматыўны характар.

Акты, пералічаныя ў пунктах «а)» і «б)», маглі правярацца ня толькі на адпаведнасьць Канстытуцыі, але і міжнародным прававым актам, ратыфікаваным Беларусяй, а пералічаныя ў пунктах «в)», «г)», «д)» — таксама й на адпаведнасьць законам.

Канстытуцыя замацоўвала пералік суб’ектаў, якія мелі права ініцыяваць разгляд справы ў Канстытуцыйным Судзе. Гэта: 1) прэзыдэнт; 2) Старшыня Вярхоўнага Савету; 3) сталыя камісіі Вярхоўнага Савету; 4) група дэпутатаў Вярхоўнага Савету, лікам ня меншая за 70 чалавек (пры агульнай колькасьці дэпутатаў парлямэнту ў 260 чалавек); 5) Вярхоўны Суд; 6) Вышэйшы гаспадарчы суд; 7) Генэральны пракурор. Іншыя дзяржаўныя органы, грамадзкія аб’яднаньні, а таксама грамадзяне маглі зьвяртацца з прапановамі ініцыяваць праверку канстытуцыйнасьці пэўнага акту толькі да вышэйпералічаных суб’ектаў.

У Канстытуцыі мелася адмысловая норма (арт. 112), якая надавала права любому суду зьвяртацца ў Канстытуцыйны Суд, калі пры разглядзе пэўнай справы суд прыходзіў да высновы, што нарматыўны акт не адпавядае Канстытуцыі. У такім выпадку суд павінен быў прыняць пастанову ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і паставіць «ува ўстаноўленым парадку пытаньне аб прызнаньні дадзенага нарматыўнага акту неканстытуцыйным». Падрабязна «прыняты парадак» рэгуляваўся Законам аб судовым ладзе і статусе судзьдзяў Рэспублікі Беларусі. Згодна з гэтым Законам, старшыні раённых, гарадзкіх, абласных, а таксама міжгарнізонных вайсковых судоў і Старшыня Беларускага вайсковага суду маюць права хадайнічаць перад Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусі аб унясеньні прапановаў у Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнысьці нарматыўных актаў. Дасюль у практыцы яшчэ не было выпадкаў такіх хадайніцтваў.

За першыя два з паловай гады дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду найбольш часта да яго зьвярталіся Старшыня Вярхоўнага Савету, сталыя камісіі парлямэнту і групы дэпутатаў парлямэнту лікам ня менш за 70 чалавек. Агулам за пэрыяд з 1994 году да лістапада 1996 году ў пытаньні канстытуцыйнасьці былі разгледжаныя 46 нарматыўных актаў, зь якіх не адпаведнымі Канстытуцыі цалкам альбо часткова былі прызнаныя 13 законаў, 4 пастановы Вярхоўнага Савету, 17 указаў прэзыдэнта, 3 пастановы ўраду, адна пастанова Пленуму Вярхоўнага суду, адна пастанова выканаўчага камітэту Менскага гарадзкога Савету.