Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 60

Валер Булгакаў

У Канстытуцыі і Законе былі замацаваныя гарантыі незалежнасьці судзьдзяў. Згодна з часткай 4 арт. 126 Канстытуцыі, простае ці ўскоснае ўзьдзеяньне на Канстытуцыйны Суд альбо яго чальцоў, зьвязанае зь дзейнасьцю для ажыцьцяўленьні канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае і цягне адказнасьць, прадугледжаную законам.

Судзьдзі Канстытуцыйнага Суду не маглі быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, арыштаваныя, іншым чынам пазбаўленыя асабістай свабоды бяз згоды Вярхоўнага Савету, апрача выпадкаў затрыманьня на месцы зьдзяйсьненьня злачынства. Крымінальная справа ў дачыненьні да судзьдзі Канстытуцыйнага Суду магла быць пачатая толькі Генэральным пракурорам, дый толькі пры згодзе парлямэнту (цікава, што Канстытуцыя замацоўвала ў дачыненьні да чальцоў КС больш высокі ўзровень абароны, чымся нават дэпутатаў парлямэнту, у адносінах да якіх у час паміж сэсіямі крымінальная справа магла быць распачатая пры згодзе Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету). Згодна з часткай 2 арт. 23 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, недатыкальнасьць судзьдзі распаўсюджвалася на яго жытло і іншую законную ўласнасьць, службовае памяшканьне, транспарт, сродкі сувязі, карэспандэнцыю, рэчы й дакумэнты.

У сакавіку 1995 году ў Закон аб Канстытуцыйным Судзе былі ўнесеныя дапаўненьні, якія ўзмацнілі матэрыяльныя гарантыі дзейнасьці судзьдзяў. Гэтак, было прадугледжана, што судзьдзя, які выйшаў у адстаўку, пры наяўнасьці пэўнага працоўнага стажу атрымліваў права на выплату штомесячнай пажыцьцёвай дапамогі. Службовыя аклады судзьдзяў былі на ўзроўні акладу віцэ-сьпікера парлямэнту, а Старшыні Канстытуцыйнага Суду — на ўзроўні сьпікера. У Законе была ўсталяваная норма, згодна зь якой зьніжэньне існуючага ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду магло адбывацца толькі са згоды Вярхоўнага Савету.

Аднак у варунках, калі матэрыяльна-тэхнічнае абслугоўваньне суду зьдзяйсьнялася «ў парадку, вызначаным прэзыдэнтам», было цяжка дамагчыся рэалізацыі гэтых палажэньняў Закону. Напрыклад, паводле пастановы Савету міністраў, прынятай у чэрвені 1994 году, за кожным судзьдзём быў замацаваны пэрсанальны аўтамабіль, кіроўца якога быў адначасова целаахоўнікам судзьдзі. Пасьля першай жа пастановы суду аб прызнаньні неканстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта пэрсанальныя аўтамабілі і целаахоўнікаў «адмацавалі». Колькасьць аўтамабіляў, замацаваных за судом, зьмяншалася ў прапарцыйнай залежнасьці ад павелічэньня актаў прэзыдэнта, прызнаных судом неканстытуцыйнымі. Пад лістапад 1996 году аўтамабілем мог карыстацца толькі старшыня суду.

Кампэтэнцыя Канстытуцыйнага Суду

Артыкул 132 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчаў: «Кампэтэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду вызначаюцца законам». Такім чынам, пералік паўнамоцтваў суду, замацаваны ў Канстытуцыі, ня быў вычарпальным. Некаторыя зь іх былі зафіксаваныя ў Законе аб Канстытуцыйным Судзе. Агулам характарызуючы кампэтэнцыю беларускага суду, можна сказаць, што яна была значна больш вузкаю ў параўнаньні з судамі бальшыні эўрапейскіх краінаў. Суд ня быў правамоцны ацэньваць канстытуцыйнасьці палітычных партыяў, тлумачыць Канстытуцыю, разглядаць канстытуцыйныя скаргі грамадзянаў.