Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 59

Валер Булгакаў

Цяжка растлумачыць, чым кіраваліся дэпутаты парлямэнту, усталяваўшы для судзьдзяў КС гранічны ўзрост знаходжаньня на пасадзе ў 60 год. У праектах Закону і Канстытуцыі, якія неаднаразова перарабляліся, фігуравалі лічбы 65 і 70 год. Тым ня менш, якраз 60-гадовы ўзрост быў замацаваны ў канчатковым варыянце. Паводле пункту 5 артыкула 100 Асноўнага Закону, кандыдатуру для абраньня на пасаду старшыні суду павінен быў прапаноўваць прэзыдэнт, у той час як паводле артыкула 13 Закону аб Канстытуцыйным Судзе намесьнік старшыні абіраўся самімі судзьдзямі з свайго складу. Больш за год пасада старшыні была вакантная, бо кандыдатура Дзьмітрыя Булахава, старшыні парлямэнцкай камісіі з заканадаўства, прапанаваная прэзыдэнтам, не набрала неабходнай колькасьці галасоў.

Артыкул 13 Закону аб Канстытуцыйным Судзе прадугледжваў, што ў выпадку адсутнасьці старшыні і яго намесьніка або немагчымасьці выкананьня гэтымі асобамі сваіх абавязкаў, паўнамоцтвамі старшыні карыстаецца найстарэйшы векам судзьдзя, якім быў В. Ціхіня. Ён жа і быў абраны на пасаду старшыні суду з прапановы прэзыдэнта А. Лукашэнкі 23 сакавіка 1995 году. На пасаду намесьніка старшыні адкрытым галасаваньнем судзьдзяў быў абраны Валер Фадзееў.

Артыкул 126 Канстытуцыі прадугледжваў, што судзьдзі абіраюцца на 11 год. Такая пастанова была прынятая дзеля таго, каб тэрмін паўнамоцтваў судзьдзяў не супадаў з тэрмінам паўнамоцтваў парлямэнту. У арт. 15 Закону аб Канстытуцыйным Судзе ўтрымлівалася норма, паводле якой судзьдзі маглі быць пераабраныя на новы тэрмін.

Старшыня Канстытуцыйнага Суду абіраўся на 5 год, пасьля чаго таксама мог быць пераабраны, але ўжо «на астатні тэрмін сваіх паўнамоцтваў у якасьці судзьдзі». Выходзіла, што пры пераабраньні тэрмін яго паўнамоцтваў мог бы складаць ужо ня 5, а 6 год. Цікава, што ў Законе ўвогуле ня згадвалася, на які тэрмін абіраецца намесьнік старшыні, з чаго вынікала, што ён абіраўся на ўвесь тэрмін сваіх паўнамоцтваў, г. зн. на 11 год.

Артыкул 18 Закону аб Канстытуцыйным Судзе рэгуляваў пытаньне пра датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў судзьдзяў па пастанове Вярхоўнага Савету і пры наяўнасьці адной з наступных акалічнасьцяў:

а) просьба судзьдзі пра адстаўку;

б) стан здароўя, які перашкаджае выкананьню абавязкаў;

в) сьмерць судзьдзі;

г) дасягненьне 60-гадовага ўзросту;

д) страта грамадзянства Рэспублікі Беларусі;

е) зьдзяйсьненьне ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць Канстытуцыйны Суд;

ж) уступленьне ў дзеяньне датычнага судзьдзі абвінаваўчага выроку суду.

Зьвяртае на сябе ўвагу пункт «е» сваёй досыць расплывістай фармулёўкай, якая пры пэўных абставінах дазваляе выкарыстоўваць яе супраць судзьдзі, нежаданага з палітычных меркаваньняў. Больш за тое, ані Закон аб Канстытуцыйным Судзе, ані Часовы рэглямэнт Вярхоўнага Савету не рэгулявалі працэдуру спыненьня паўнамоцтваў судзьдзі.