Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 58

Валер Булгакаў

Такім чынам, цяпер у Беларусі дзейнічае Канстытуцыйны Суд, прызначаны прэзыдэнтам А. Лукашэнкам і яму падсправаздачны. Цікава, што за чатыры зь лішкам гады працы ён не разгледзеў ніводнага ўказу й дэкрэту прэзыдэнта наконт адпаведнасьці Канстытуцыі.

Парадак фармаваньня Канстытуцыйнага Суду і прававы статус судзьдзяў

Як вядома, у эўрапейскіх краінах існуюць розныя падыходы да адбору кандыдатаў на пасады судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду. У шмат якіх эўрапейскіх краінах права прызначаць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду маюць некалькі органаў або службовых асобаў, што належаць розным галінам улады. Прапановы замацаваць такі парадак выказваліся і ў часе распрацоўкі праекту Закону аб Канстытуцыйным Судзе. Аднак заканадаўцы пайшлі іншым шляхам, устанавіўшы ў артыкуле 126 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, што Канстытуцыйны Суд абіраецца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі з кваліфікаваных спэцыялістаў у галіне права ў колькасьці 11 судзьдзяў. Разьвіваючы канстытуцыйную норму, Закон аб Канстытуцыйным Судзе прадугледзеў, што судзьдзём можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, высокую кваліфікацыю ў галіне права і высокія маральныя якасьці.

Працэдура абраньня чальцоў суду была падрабязна ўрэгуляваная разьдзелам V Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі. Паводле артыкулу 71 гэтага акту, кандыдатуры на пасады судзьдзяў прапаноўваліся дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Абмеркаваньне і галасаваньне адбывалася з улікам заключэньняў па кандыдатурах дзьвюх сталых камісіяў парлямэнту — з заканадаўства і зь дзяржаўнага будаўніцтва, а таксама Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету — органу, у які апрача сьпікера і віцэ-сьпікераў уваходзілі ex officio старшыні ўсіх сталых камісіяў парлямэнту. Адпаведна з прынятай працэдурай, кандыдат на пасаду судзьдзі павінен быў выступіць перад парлямэнтам з кароткай прамовай і адказаць на пытаньні дэпутатаў. У выпадку, калі колькасьць прэтэндэнтаў была большай за колькасьць вакансіяў, прадугледжвалася папярэдняе галасаваньне аб уключэньні кандыдатураў у сьпіс для тайнага галасаваньня. Рэглямэнт не дапускаў паўторнага вылучэньня на працягу адной сэсіі кандыдатуры, якая ў выніку галасаваньня не атрымала больш за палову галасоў ад агульнай колькасьці дэпутатаў парлямэнту, як і не дапускалася вылучэньне аднаго й таго кандыдата болей за два разы.

У артыкулах 36 і 126 Канстытуцыі Беларусі былі замацаваныя пэўныя абмежаваньні на дзейнасьць судзьдзі Канстытуцыйнага Суду. Так, асобы, абраныя ў склад суду, не маглі займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, выконваць іншую аплатную працу, акрамя выкладчыцкай і навукова-дасьледчай, якая не суправаджалася заняцьцём штатным пасадаў. Яны (як і судзьдзі агульных судоў) не маглі быць дэпутатамі, а таксама чальцамі палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія перасьледавалі палітычныя мэты.