Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 57

Валер Булгакаў

На адзінаццаць пасадаў судзьдзяў прэтэндавала каля 40 кандыдатаў. Зь іх дэпутаты ўхвалілі толькі васьмярых. Яшчэ адна кандыдатура была прапанаваная беспасярэдне ў часе сэсіі. Такім чынам, 28 красавіка 1994 году на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету быў абраны паўнамоцны склад Канстытуцыйнага Суду (паводле артыкула 12 Закону аб Канстытуцыйным Судзе, ён меў права пачаць працаваць і прымаць пастановы, калі ў ягоны склад абраныя ня менш за 7 судзьдзяў). Яшчэ двух судзьдзяў даабралі 25 траўня 1996 г..

Шмат хто з судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду да абраньня на гэтую пасаду займаў высокія пасады ў органах выканаўчай улады: намесьнік міністра юстыцыі, намесьнік міністра ўнутраных справаў, начальнік юрыдычнага ўпраўленьня ўраду, намесьнік начальніка навукова-дасьледчага аддзелу Вышэйшых курсаў КДБ, намесьнік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. У склад Канстытуцыйнага Суду абралі двух судзьдзяў Вярхоўнага і Менскага гарадзкога судоў. Чальцамі суду сталі таксама загадчык юрыдычнага аддзелу Сакратарыяту Вярхоўнага Савету, начальнік катэдры Акадэміі міліцыі і два дацэнты катэдры канстытуцыйнага права Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Агулам у першым складзе суду былі тры дактары і тры кандыдаты юрыдычных навук, адзін з дактароў (Валер Ціхіня) меў годнасьць члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі.

Ужо ў першыя гады дзейнасьці Канстытуцыйны Суд вызначыў сваё месца ў палітычнай сыстэме грамадзтва. Ён разгледзеў больш за 40 справаў, датычных канстытуцыйнасьці законаў парлямэнту, указаў прэзыдэнта, пастановаў ураду. Бальшыня зь іх мела на мэце абарону канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў.

Трэба адзначыць, што цягам 1995-1996 гадоў асноўным парушальнікам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі быў прэзыдэнт А. Лукашэнка. Ягоныя ўказы часта падмянялі дзейныя законы і парушалі канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў. Пад лістапад 1996 году Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйнымі (цалкам або ў пэўных частках) 17 указаў і 1 распараджэньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.

Канстытуцыйны Суд апынуўся ў эпіцэнтры «лістападаўскіх падзеяў» 1996 году, калі прэзыдэнт А. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзеньня нацыянальнага рэфэрэндуму. На прапанову Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага Канстытуцыйны Суд зрабіў заключэньне пра рэкамэндацыйны характар рэфэрэндуму па пытаньні зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі, пра што быў зроблены адпаведны запіс у бюлетэні. А напярэдадні рэфэрэндуму, 19 лістапада, у Канстытуцыйны Суд паступіла прапанова 73 дэпутатаў Вярхоўнага Савету пачаць працэдуру адхіленьня А. Лукашэнкі ад пасады прэзыдэнта. Праз шэраг прычынаў, пра якія будзе сказана ніжэй, суд ня здолеў завяршыць разгляду гэтай справы.

Спасылаючыся на вынікі лістападаўскага 1996 году рэфэрэндуму, А. Лукашэнка ўвёў у дзеяньне новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая іначай разьмеркавала паўнамоцтвы паміж асноўнымі органамі дзяржаўнай улады. Судзьдзям Канстытуцыйнага Суду, якія не прызналі «новай» Канстытуцыі, прапанавалі напісаць заявы на ймя прэзыдэнта. Шасьцёра судзьдзяў, улучаючы старшыню, гэтак і зрабілі. Іх адстаўка была прынятая. Судзьдзя М. Пастухоў, які не схацеў зьвярнуцца з просьбай пра адстаўку, быў вызвалены з пасады «ў сувязі з заканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў судзьдзі». У студзені 1997 году быў сфармаваны новы склад Канстытуцыйнага Суду. Старшыню суду (Р. Васілевіча) і пяцёра судзьдзяў прызначыў сваім указам А. Лукашэнка, астатніх шасьцёра судзьдзяў «абрала» верхняя палата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі.