Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 56

Валер Булгакаў

Дырэктыўнае кіраваньне зьдзяйсьняецца ўладай без апэляцыі да закону, і якраз у такой сыстэме сацыяльнага рэгуляваньня бальшыня грамадзтва адчувае сябе абароненай. Пры гэтым бальшыня з тых, хто ацэньвае прававую сытуацыю ў Беларусі як ненармальную, зьвязвае гэта з палітыкай А. Лукашэнкі. Акурат яны складаюць патэнцыйную базу апазыцыі яму і ўспрымаюцца прадстаўнікамі ўлады як «дэвіянтная» група.

Скасаваньне агульных правілаў замацоўвае наяўную сыстэму панаваньня, але разбурае дзяржаўны апарат. У меру канцэнтрацыі ўлады ананімны мэханізм зьдзяйсьненьня дзяржаўнае ўлады трапляе ў залежнасьць ад канкрэтных асобаў, што ў рэшце рэшт разбурае аўтаномію дзяржавы. Пры недастатковай аўтаноміі дзяржава губляе магутнасьць: фармалізаваныя бюракратычныя працэдуры замяняюцца адвольнымі пастановамі, якія лёгка прымаюцца, але вагары іх выкананьня палягаюць у фармальных інстытутах, на скасаваньні якіх і грунтуецца ўлада. Таму, хаця кампэтэнцыя дзяржавы фармальна пашыраецца, у сапраўднасьці дзяржаўнае кіраваньне зьдзяйсьняецца выбіральна. Інстытуцыйная дэградацыя беларускага грамадзтва разбурае таксама адзінае сэнсавае поле ўзаемадзеяньня ня толькі асобных элемэнтаў дзяржавы, але і дзяржавы і грамадзкасьці. Нездарма асяродкі незалежнага беларускага грамадзтва дэманструюць большую зацікаўленасьць у захаваньні прававых нормаў, чымся дзяржава.

Канстытуцыйны суд і канстытуцыйны крызыс 1996 г.

Перадгісторыя

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 году, упершыню ў гісторыі беларускага канстытуцыяналізму прадугледзела ўсталяваньне ў краіне адмысловага органу канстытуцыйнага кантролю — Канстытуцыйнага Суду. У Канстытуцыю ўвайшоў разьдзел з васьмёх артыкулаў, які рэгуляваў кампэтэнцыю, парадак фармаваньня Канстытуцыйнага Суду і прававы статус судзьдзяў. Гэты разьдзел уваходзіў у частку VI Асноўнага Закону пад назовам «Дзяржаўны кантроль і нагляд». Такім чынам быў падкрэсьлены асаблівы статус Канстытуцыйнага Суду ў сыстэме дзяржаўных органаў.

30 сакавіка 1994 году, праз 15 дзён пасьля прыняцьця Канстытуцыі, быў прыняты Закон «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь». Ён складаўся з 57 артыкулаў у чатырох разьдзелах. Сымбалічна, што гэта адбылося ў дзень уступленьня ў дзеяньне новага Асноўнага Закону.