Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 55

Валер Булгакаў

Высновы

Супярэчнасьці паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады і тэндэнцыя да празьмернай канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзыдэнта часта адзначаюцца палітолягамі ў якасьці характэрнай для пераходных грамадзтваў праблемы. Фармальна з увядзеньнем у дзеяньне новай Канстытуцыі паўпрэзыдэнцкая рэспубліка ператварылася ў прэзыдэнцкую. У працэсуальным жа аспэкце адбыліся больш грунтоўныя зьмены. З рэфэрэндумам у Беларусі распачаліся новыя адносіны паміж дзяржавай і грамадзтвам. Апазыцыйныя сілы не прызналі створаных уладай прадстаўнічых структураў, у выніку чаго выбары сталі адбывацца па-за полем палітычнай барацьбы. Для выбарцаў удзел у галасаваньні стаў гарантавана азначаць удзел у рэпрадукцыі ўлады, якая існуе незалежна ад іх. Скасаваньне прынцыпу падзелу ўладаў, зьнікненьне электаральнай канкурэнцыі надалі адвольным інтэнцыям кіраўніка дзяржавы ролю крыніцы права.

Пры парушэньні законаў беларускі прэзыдэнт перастаў сустракаць сур’ёзны супраціў. Падпарадкаваньне ўсіх галінаў улады амаль зьнішчыла юрыдычна абгрунтаваныя магчымасьці эфэктыўнага ўзьдзеяньня на кіраўніка выканаўчае ўлады. Ключавыя пасады ў органах дзяржаўнага кіраваньня былі пераразьмеркаваныя за прынцыпам ляяльнасьці. Панаваньне нефармальных інстытутаў улады, замацаваньне ў рабоце дзяржапарату «параканстытуцыйных практык» сьведчыць аб дэградацыі інстытуцыйнай структуры беларускага грамадзтва. Шырыня кампэтэнцыі бюракратычнага апарату і сілавых структураў не забясьпечваюць эфэктыўнасьці дзяржавы. Дырэктыўныя і рэпрэсіўныя мэтады ўзьдзеяньня на эканоміку і грамадзтва сталі для Беларусі асноўным мэтадам рэгуляваньня. Паколькі сфэры кіраваньня, якія былі аб’ектам кампэтэнцыі дзяржаўнага апарату, перайшлі ў сфэру асабістай кампэтэнцыі кіраўніка дзяржавы, у грамадзтве не засталося адносінаў, абароненых ад умяшальніцтва непрадказальнае ўлады.

Для аналізу мэханізмаў зьдзяйсьненьня ўлады ў постаўтарытарных грамадзтвах палітолягі лічаць прыдатнай ідэю Г. О’Донэла, які прапануе ацэньваць постаўтарытарны рэжым на падставе таго, якія ў ім замацоўваюцца інстытуты — фармальныя ці нефармальныя. Фармальныя інстытуты характэрныя для «сталых» дэмакратыяў, дзе зьдзяйсьняецца прынцып вяршэнства права (rule of law). Нефармальныя інстытуты (arbitrary rulе) пануюць там, дзе дэмакратычныя працэдуры выкарыстоўваюцца ў якасьці фасаду для кліентэлісцкіх адносінаў і патрыманіяльнага панаваньня[г]. Як правіла, яны запаўняюць сабой тыя сфэры адносінаў, якія не ахопліваюцца прававым рэгуляваньнем. Калі нефармальныя практыкі дзейнічаюць у пазаправавым асяродзьдзі, яны маюць неправавы (unlegal) характар, у выпадку ж парушэньня нормаў, зафіксаваных у нарматыўных актах, маюць месца антыправавыя (illegal) дзеяньні, ці звычайныя злачынствы.

У выпадку скасаваньня незалежнасьці судовай улады незаконныя дзеяньні могуць набываць вонкава легітымны характар сталага панаваньня. У Беларусі гэтаму спрыяла супрацьпастаўленьне праву народнага волевыяўленьня, якое ў масавай сьвядомасьці аказалася вышэйшай інстанцыяй. Папулісцкая рэвалюцыя як спосаб набыцьця ўлады вызначыла і характар далейшае яе зьдзяйсьненьня. Стаўка кіраўніка дзяржавы на прававы нігілізм насельніцтва зрабіла парушэньні закону буднай практыкай, якая набыла вызначальны характар для беларускае палітычнае сыстэмы. Па-першае, яны дазволілі адмяніць рэгуляцыйную функцыю сыстэмы права ў чыста інструмэнтальную, што дапамагло ўсталяваць кантроль над грамадзтвам і прадухіліць яго зваротнае ўзьдзеяньне на ўладу. Па-другое, правапарушэньні на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіраваньня сталі дадатковым фактарам унутранага згуртаваньня эліты. Па-трэцяе, адсутнасьць права як фактару абароны інтарэсаў грамадзянаў стымулюе іх залежнасьць ад улады. Як адзначыў С. Багданкевіч, «абарону ад свавольства ўлады насельніцтва шукае ў той жа ўлады»[д].