Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 54

Валер Булгакаў

Паралельная прэзыдэнцкай вэртыкалі структура выканаўчай улады была ўтворана Вярхоўным Саветам. У лютым 1997 г. зьявілася Нацыянальная эканамічная рада (НЭР), узначаленая віцэ-сьпікерам Генадзем Карпенкам. Кіруючыя пасады ў ёй занялі дэпутаты фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», якія і выступілі ініцыятарамі яе стварэньня. Як выканаўчы орган легітымнага, хаця і безуладнага, парлямэнту НЭР прэтэндавала на ролю грамадзкага кааліцыйнага ўраду. Дзеля павелічэньня ролі грамадзкасьці ў сваёй рабоце НЭР 14 кастрычніка 1997 г. была ператворана ў Нацыянальны выканаўчы камітэт (НВК) з больш шырокім колам заданьняў. Апрача эканомікі ў яго кампэтэнцыю ўвайшлі такія галіны дзяржаўнага кіраваньня, як абарона, бясьпека, мясцовае самакіраваньне, адукацыя і навука, нацыянальныя і рэлігійныя ўзаемадачыненьні. Галоўным прынцыпам фармаваньня НВК былі абвешчаныя прафэсіяналізм і прадстаўнічасьць. Склад НВК быў вызначаны Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету на перамовах з палітычнымі партыямі і грамадзкімі рухамі. Чальцы НВК прызначаліся Прэзыдыюмам ВС пры ўзгадненьні з кіраўніцтвам арганізацыяў, што ўзялі ўдзел у фармаваньні НВК. Кіраўніцтва арганізацыяй зьдзяйсьняў старшыня (Генадзь Карпенка, а з 21 красавіка 1999 г. — Мечыслаў Грыб). НВК быў утвораны як пастаянна дзеючы выканаўчы орган улады. У перапынках паміж штомесячнымі паседжаньнямі НВК працавалі яго камітэты, якіх на 19 лютага 1998 г. налічвалася 15. НВК распрацаваў канцэпцыю і праграму эканамічных рэформаў, падрыхтаваў канцэпцыю нацыянальнага разьвіцьця РБ, у сьнежні 1998 г. НВК выпрацаваў болей за 50 законапраектаў, прыняў шэраг зваротаў да грамадзкасьці, органаў дзяржаўнай улады Беларусі, а таксама да замежных краін і міжнароднай супольнасьці. Між тым, прадстаўнікі НВК так і ня здолелі ня толькі паўплываць на палітыку афіцыйнага ўраду, але і атрымаць магчымасьць выступіць на дзяржаўных тэле- і радыёканалах. Да канца 1999 г. мэты НВК заставаліся ранейшымі — аб’яднаньне вакол сябе апазыцыйных сілаў дзеля прадухіленьня разбуральнай эканамічнай дзейнасьці ўладаў і абарона правоў грамадзянаў. На практыцы дзейнасьць НВК была адным з этапаў каардынацыі дзеяньняў розных дэмакратычных сілаў ува ўмовах умацаваньня аўтарытарызму.