Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 53

Валер Булгакаў

Выканаўчая ўлада

Як кіраўнік выканаўчай улады, паводле арт. 84 Канстытуцыі 1996 г. прэзыдэнт набыў права прызначаць рэфэрэндумы і выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, ствараць і рэарганізаваць сваю адміністрацыю ды іншыя органы дзяржаўнага кіраваньня, вызначаць структуру ўраду, прызначаць і звальняць прэм’ер-міністра, міністраў ды іншых чальцоў ураду, са згоды Савету Рэспублікі прызначаць старшыняў Канстытуцыйнага Суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, старшыняваць на паседжаньнях ураду. Арт. 101 надзяляе прэзыдэнта правам выданьня часовых дэкрэтаў зь сілай закону з далейшым разглядам у трохдзённы тэрмін Палатай прадстаўнікоў, а затым Саветам Рэспублікі[в].

Хаця ў Канстытуцыі за кіраўніком выканаўчае ўлады замацаваныя «царскія», паводле словаў беларускага прэзыдэнта, паўнамоцтвы, на практыцы перавышаюцца і яны. Так 24 сьнежня 1998 г. прэзыдэнт Лукашэнка выдаў указ аб прызначэньні выбараў у мясцовыя Саветы, дзе спасылаўся на закон аб выбарах, які ўступіў у сілу толькі праз 5 дзён. Шмат якія прэзыдэнцкія дэкрэты ўвайшлі ў супярэчнасьць як зь беларускім заканадаўствам, так і зь міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Беларусяй. Між тым правамоцнасьць прэзыдэнта выдаваць такія дэкрэты выклікае сумневы як мінімум па трох прычынах: па-першае, з-за нелегітымнасьці Канстытуцыі 1996 г. дзякуючы шматлікім парушэньням заканадаўства падчас рэфэрэндуму, на падставе вынікаў якога яна ўступіла ў сілу; па-другое, у Канстытуцыі 1996 г. арт. 101 аб паўнамоцтвах прэзыдэнта разыходзіцца з арт. 7, дзе замацаваны прынцып вяршэнства Канстытуцыі; па-трэцяе, прэзыдэнт Лукашэнка зьдзяйсьняе свае заканадаўчыя паўнамоцтвы без прыняцьця адпаведнага закону.

Створаная Лукашэнкам сыстэма кіраваньня дазваляе прысутнічаць ува ўсіх сфэрах дзяржавы і грамадзтва, кантраляваць іх, але не адказваць за канкрэтныя промахі. Кіраваньне эканомікай адбываецца адначасова з трох структураў: Адміністрацыі прэзыдэнта, Савету міністраў і Рады бясьпекі. Няяснасьць заданьняў, якія вымушаны вырашаць урад, нявызначанасьць паўнамоцтваў, дубляваньне выканаўчых функцыяў паміж Саветам міністраў і Адміністрацыяй прэзыдэнта выракаюць выканаўчую ўладу на неэфэктыўнасьць. Адказнасьць за неэфэктыўнасьць кіраваньня эканомікай перакідваецца на ніжэйшыя ўзроўні ўлады.

У арт. 84 Канстытуцыі зафіксавана права кіраўніка выканаўчае ўлады ўтвараць «кансультацыйна-дарадчыя ды іншыя органы пры прэзыдэнту», функцыі і паўнамоцтвы якіх не ўдакладняюцца. Гэтае палажэньне замацавала статус спэцслужбаў, якія не падпарадкоўваюцца нікому, апрача прэзыдэнта. Рэальна такое становішча склалася яшчэ да 1996 г. (нават сьледчы ў асабліва важных справах пры Генэральным пракурору ня змог вызначыць, да якіх органаў належаць работнікі службаў, якія зьбілі дэпутатаў ВС 12 скліканьня ўночы з 11 на 12 красавіка 1995 г., а кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня дзяржаховы, якое выкарыстоўвалася дзеля зрыву работы Цэнтральнай выбарчай камісіі 15 лістапада 1996 г., Міхаіл Цесавец, хаця і ўваходзіў у Калегію Міністэрства ўнутраных справаў, зь верасьня 1995 г. міністру ўнутраных справаў не падпарадкоўваўся). Такая структура, як служба аховы прэзыдэнта, створаная па-над органамі дзяржбясьпекі і міліцыі, ёсьць «кішэннай» сілавой службай Лукашэнкі.