Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 52

Валер Булгакаў

4 сакавіка 11 судзьдзяў КС прынесьлі прысягу, а прэзыдэнт Лукашэнка параіў ім трымацца далей ад палітыкі. 15 красавіка 1997 г. на ініцыятыву старшыні Палаты прадстаўнікоў Анатоля Малафеева, старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, міністра юстыцыі Генадзя Варанцова і намесьніка генпракурора Аляксандра Іваноўскага Канстытуцыйны Суд на чале з Рыгорам Васілевічам перагледзеў і скасаваў пастанову ад 4 лістапада 1996 г. аб кансультацыйным характары рэфэрэндуму. Новы склад КС, па-першае, зьвярнуўся да адваротнага дзеяньня закону і паспрабаваў абгрунтаваць прыняцьцё новай Канстытуцыі ейным жа артыкулам аб праве прэзыдэнта прызначаць рэфэрэндум, па-другое, новы КС ускосна прызнаў, што да 15 красавіка 1997 г. дзейнічала пастанова былога складу КС ад 4.11.96. Таму сэнс гэтай пастановы быў выключна палітычны: КС прадэманстраваў ляяльнасьць прэзыдэнту Лукашэнку і падзяліў зь ім адказнасьць за зьмену канстытуцыйнага ладу ў краіне.

15 ліпеня ў Закон аб Канстытуцыйным Судзе былі ўнесены зьмены. КС быў пазбаўлены права даваць заключэньні аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі, а таксама разглядаць справы на ўласную ініцыятыву. Затое яму нададзена права на прапанову прэзыдэнта даваць заключэньні аб парушэньні Канстытуцыі парлямэнтам. У выніку конча пахіснуўся міжнародны аўтарытэт беларускага Канстытуцыйнага Суду. Калі ў лістападзе 1994 г. В. Ціхіня ад імя беларускага КС даслаў у аўтарытэтную міжнародную арганізацыю «Канфэдэрацыя Канстытуцыйных Судоў Эўропы» заяву аб жаданьні далучыцца, ягоная просьба была падтрыманая КС Польшчы. 9 кастрычніка 1997 г. якраз гэтая арганізацыя адмовілася падтрымаць заяву, якую прывёз у Варшаву новы старшыня КС Р. Васілевіч. Старшыня польскага КС заявіў, што ад Беларусі чакаюцца тлумачэньні адносна адстаўкі ранейшага складу суду і нагадаў, што ўмовай прыняцьця ў Канфэдэрацыю зьяўляецца выкананьне прававых стандартаў дэмакратычнай дзяржавы.

Пасьля рэфэрэндуму суды апынуліся ў поўнай залежнасьці ад выканаўчай улады ў такіх пытаньнях, як службовая кар’ера, фінансавае, жыльлёвае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне сваіх супрацоўнікаў. Як адзначае М. Пастухоў, у апошнія гады яны сталі зьдзяйсьняць правасудзьдзе не на падставе Канстытуцыі і законаў, а ў адпаведнасьці з дэкрэтамі прэзыдэнта. Напрыклад, дэкрэт «Аб выкананьні судамі г. Менску дэкрэту прэзыдэнта РБ ад 5.03.97», распрацаваны ў дзяржсакратарыяце Рады бясьпекі на падставе матэрыялаў аб парушэньнях дэкрэту №5 ад 5 сакавіка 1997 г. «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетах», ёсьць бесьпярэчным умяшаньнем выканаўчай улады ў працэс вядзеньня судовых справаў[б].

У такіх умовах частку судовых функцыяў дзяржавы паспрабавала ўзяць на сябе грамадзтва. 10 чэрвеня 1998 г. з ініцыятывай стварэньня грамадзкага суду над службовымі асобамі, якія парушаюць правы і свабоды грамадзянаў, выступіў Нацыянальны выканаўчы камітэт — створаная дэпутатамі Вярхоўнага Савету выканаўчая структура, якая выконвала ролю грамадзкага кааліцыйнага ўраду. Паколькі юрыдычных актаў дзеля паўнавартага дзеяньня такога суду ў Беларусі не існуе, яму вырашана надаць статус грамадзкага. Скаргі, звароты і заявы грамадзянаў павінны фіксавацца ў грамадзкім судзе дзеля таго, каб быць разгледжанымі, калі ў Беларусі будзе ўзноўлена законнасьць і імі змогуць заняцца сапраўдныя судовыя органы. Грамадзкі суд сфармаваны пры прэзыдыюме Вярхоўнага Савету і мае на мэце займацца справамі ня толькі грамадзянаў, але і грамадзкіх аб’яднаньняў.