Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 51

Валер Булгакаў

Адсутнасьць у Беларусі легітымнага парлямэнту пакінула краіну без прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ з 22 лютага 2001 г. Пасьля чарговай сэсіі ПА АБСЭ 6—10 ліпеня пастанова аб прадстаўніцтве Беларусі была перанесена на чарговае паседжаньне ПА АБСЭ. Такім чынам, да другіх выбараў беларускага прэзыдэнта створаная А. Лукашэнкам структура заканадаўчай улады не была прызнаная легітымнай.

Судовая ўлада

Вызначальным момантам у ломцы сыстэмы судовай улады стала замена судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду. У першым складзе КС на чале з В. Ціхінем праіснаваў два з паловай гады. Да рэфэрэндуму ён рэальна намагаўся выконваць ролю арбітра ў спрэчках паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам.

Хаця супярэчнасьці паміж выканаўчай і судовай уладай былі не такімі заўважнымі, як канфлікты прэзыдэнта з парлямэнтам, тым ня менш Лукашэнка разглядаў частку судзьдзяў КС як «памагатых апазыцыі». Зь цягам часу ў Канстытуцыйнага Суду выразна вызначыліся апанэнты — гэтак званыя «афіцыйныя» юрысты, якія прадстаўлялі Адміністрацыю прэзыдэнта ды іншыя дзяржаўныя ўстановы, прадстаўнікі Прававой кансультацыйнай рады пры прэзыдэнту, правазнаўцы з Нацыянальнай акадэміі навук. На кожную пастанову КС яны адказвалі крытычнымі публікацыямі і камэнтарамі. У той час як Канстытуцыйны Суд кіраваўся ў сваіх пастановах Канстытуцыяй і дзейнымі законамі, «афіцыйныя юрысты» спасылаліся на тэорыю двух тыпаў законаў, вызначаючы прававыя і неправавыя законы. Ускладніліся ўмовы працы і ўнутры КС, дзе прафэсійныя разыходжаньні прынялі асабісты характар. Цяжэй за ўсё захоўваць палітычную нэўтральнасьць было напярэдадні рэфэрэндуму, калі напружанасьць у грамадзтве была надзвычайнай, і некаторыя палітыкі заяўлялі аб небясьпецы дзяржаўнага перавароту. Суд здолеў прыняць пастанову аб кансультацыйным характары вынікаў лістападаўскага рэфэрэндуму. Тым ня менш, судзьдзі не рызыкнулі распачаць працэдуру імпічмэнту, ініцыяваную 73 дэпутатамі Вярхоўнага Савету 19 лістапада 1996 г. 26 лістапада КС прыняў канчатковую пастанову аб спыненьні гэтае справы ў сувязі з адсутнасьцю заяўніка.

Пасьля рэфэрэндуму 5 судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду на імя прэзыдэнта падалі заявы аб адстаўцы. У новай Канстытуцыі паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суду зьмясьціліся ў адным артыкуле. КС быў пазбаўлены права ўзбуджаць справы на ўласную ініцыятыву, а яго пастановы згубілі абавязковую сілу. Згодна з арт. 116 Канстытуцыі 1996 г., у КС уваходзяць 12 судзьдзяў, зь якіх палова, у тым ліку і старшыня КС, прызначаецца прэзыдэнтам. Другая палова судзьдзяў КС абіраецца верхняй палатай Нацыянальнага сходу (гл. на гэты конт наступны артыкул Міхаіла Пастухова і Аляксандра Вашкевіча).

Судзьдзя КС М. Пастухоў, дэманструючы адданасьць Канстытуцыі 1994 г., накіраваў сваю заяву аб адстаўцы Вярхоўнаму Савету, які прыняў пастанову пакінуць яго на сваёй пасадзе. У выніку М. Пастухоў хадзіў на працу да 24 студзеня 1997 г., пакуль прэзыдэнт не выдаў указ аб вызваленьні яго «ў сувязі з сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў» у парушэньне ўласнае ж Канстытуцыі. Між тым, яшчэ 4 студзеня 1997 г. прэзыдэнт Лукашэнка пацьвердзіў паўнамоцтвы чатырох судзьдзяў, што засталіся ў КС, і прызначыў двух новых, а 24 студзеня вышэйшая палата Нацыянальнага сходу абрала яшчэ 5 судзьдзяў.