Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 50

Валер Булгакаў

Такім чынам, Вярхоўны Савет захаваў легітымнасьць і здольнасьць прымаць палітычныя заявы, але згубіў мэханізм іх выкананьня і паўнамоцтвы на прыняцьцё пастановаў, якія б закраналі дзейнасьць беларускага дзяржапарату. З створаным А. Лукашэнкам Нацыянальным сходам адбылося адваротнае. Зь яго зьяўленьнем парлямэнцкая работа пераўтварылася з палітычнай у тэхнічную. За першыя месяцы яго працы не было падрыхтавана ніводнага законапраекту. Ранейшыя напрацоўкі Вярхоўнага Савету і прэзыдэнцкія ініцыятывы прымаліся амаль без абмеркаваньня. Спрэчкам замінала нежаданьне дэпутатаў наклікаць на сябе падазрэньні ў неляяльнасьці. Нягледзячы на прысутнасьць у ПП НС групы камуністаў-чыкінцаў, а пасьля выбараў 15 кастрычніка 2000 г. і прадстаўнікоў іншых прапрэзыдэнцкіх партыяў, дэпутаты ў новым парлямэнце дыстанцыююцца ад якой-небудзь выразнай ідэалёгіі. Фактычна, ступень уплыву ў парлямэнце стала вызначацца блізінёй да структураў выканаўчае ўлады і асабіста да віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў У. Канаплёва. Першыя дэпутацкія аб’яднаньні аформіліся толькі ў ПП НС 2 скліканьня. Фракцыя «Адзінства» на чале з намесьнікам старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Валянцінам Сімірскім, што зьявілася ў траўні 2001 г., створана «дзеля ўмацаваньня аўтарытэту дзяржаўнае ўлады сярод насельніцтва і спрыяньня працэсу інтэграцыі Беларусі з Расіяй». Зьяўленьню беларускага «Адзінства», у якое ўвайшло больш за 40 дэпутатаў, папярэднічалі кантакты ейнага кіраўніцтва з аднайменнай парлямэнцкай расійскай фракцыяй. Другая фракцыя ПП НС, створаная на ўзор «Эўраклюбу» ў Дзярждуме Расіі, атрымала назоў «Эўропа — наш супольны дом». Аб’яднаных у яе 14 дэпутатаў узначаліў намесьнік старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Красуцкі. Галоўнай мэтай гэтай групоўкі стала «паскарэньне працэсу легітымізацыі Нацыянальнага сходу з боку эўрапейскіх міжпарлямэнцкіх арганізацыяў». Партыйных фракцыяў у Нацыянальным сходзе дагэтуль няма.