Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 49

Валер Булгакаў

Прапанову напісаць заяву з просьбай аб уключэньні ў склад новага парлямэнту праігнаравалі 50 дэпутатаў. Адначасова з стварэньнем новага парлямэнту 70 дэпутатаў працягвалі паседжаньне Вярхоўнага Савету. Ад імя прэзыдыюму ВС яны прынялі заяву аб непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму. Падчас абмеркаваньня сытуацыі дэпутат Андрэй Клімаў прапанаваў выдаць указ аб арышце А. Лукашэнкі. Ягоны апанэнт дэпутат Міхаіл Варановіч заклікаў калег прызнаць паразу і ўзяць удзел у фармаваньні новага парлямэнту. Бальшыня ж дэпутатаў аддала перавагу памяркоўнай пазыцыі — працягваць работу, каб не дапусьціць легітымізацыі дзяржаўных структураў, утвораных на падставе вынікаў рэфэрэндуму. У выніку дэпутаты прызначылі на найбліжэйшы дзень эканамічныя слуханьні з удзелам найбуйнейшых партыяў, а 28 лістапада будынак Вярхоўнага Савету быў зачынены «на рамонт», і сход дэпутатаў ВС канчаткова згубіў прыкметы сэсіі парлямэнту.

Будучы прызнаным міжнароднай супольнасьцю, ВС згубіў магчымасьць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, бо ажыцьцяўленьне яго пастановаў нічым не забясьпечвалася. Зь лютага 1997 г. дэпутаты Вярхоўнага Савету, максымальная колькасьць якіх не перавышала 50 чалавек, працягвалі сваю работу ў якасьці палітычных экспэртаў і перасталі называць свае паседжаньні парлямэнцкімі сэсіямі, аддаўшы перавагу больш сьціпламу вызначэньню — «дэпутацкія сходы». У адрозьненьне ад чальцоў ПП НС, яны праяўлялі надзвычайную актыўнасьць у дыскусіях, але наступствы іх работы абмяжоўваліся прыняцьцём палітычных заяваў і стварэньнем новых унутрыпарлямэнцкіх і каляпарлямэнцкіх структураў. Паколькі галоўны плён давала міжнародная дзейнасьць дэпутатаў, то і найбольшы інтарэс выклікалі пытаньні, зьвязаныя з вызначэньнем складаў міжнародных дэлегацыяў.

Сярод першых унутрыпалітычных ініцыятываў распушчанага Вярхоўнага Савету найбольшае значэньне мела дзейнасьць Камісіі па прававой ацэнцы дзеяньняў прэзыдэнта, старшынём якой быў абраны В. Ганчар. 14 кастрычніка 1997 г. дэпутаты ўхвалілі справаздачу камісіі і падпісалі заяву аб немагчымасьці выкананьня А. Лукашэнкам прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Пастанова, як і бальшыня рашэньняў ВС, мела важнае сымбалічнае значэньне, але на практыцы яе наступствам сталі перасьледы дэпутатаў акурат за іх парлямэнцкую дзейнасьць. Між тым, на шляху дэпутатаў да ўлады пастанова камісіі В. Ганчара была толькі паўмерай і мела стаць першым крокам да ўзнаўленьня працэдуры імпічмэнту, дзеля чаго прынцыповае значэньне мела наданьне дэпутацкім сходам статусу паўнамоцных паседжаньняў Вярхоўнага Савету. Група дэпутатаў на чале з В. Ганчаром распрацавала пакет матэрыялаў дзеля падрыхтоўкі і правядзеньня паўнамоцных паседжаньняў Вярхоўнага Савету. Сярод дэпутатаў нават пачаўся другі збор подпісаў за імпічмэнт, але пастанова аб пазбаўленьні дэпутацкіх мандатаў чальцоў Палаты прадстаўнікоў была заблякаваная камуністамі, аграрамі і часткай сацыял-дэмакратаў. У выніку Вярхоўны Савет не прызнаў за сабой права зьбіраць парлямэнцкія сэсіі.