Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 48

Валер Булгакаў

Закладзеная ў Канстытуцыі 1994 г. сыстэма стрымак і супрацьвагаў пачынала працаваць і не дазваляла прэзыдэнту бесканфліктна сканцэнтраваць усю паўнату дзяржаўнай улады ў сваіх руках. Тым ня менш, падтрымка на рэфэрэндуме 1995 г. пытаньня аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт дала яму грунт для грэбаваньня законам. Зьмены ў Канстытуцыі, ініцыяваныя прэзыдэнтам, былі пакліканыя прыстасаваць заканадаўства да вынікаў усенароднага волевыяўленьня. Дзеля гэтага была выкарыстана адмыслова створаная ў якасьці структуры выканаўчай улады Прававая кансультацыйная рада. Калі ініцыятыва прэзыдэнта аб правядзеньні рэфэрэндуму з пытаньнем аб замене Канстытуцыі была абвешчана, дэпутаты ня мелі магчымасьці яе заблякаваць. Усьведамляючы посьпех прэзыдэнцкіх ініцыятываў на плебісцытах і беспэрспэктыўнасьць тактыкі пазьбяганьня зваротаў да народу, адзінае, што яны маглі супрацьпаставіць спробе зьмены Канстытуцыі, — гэта дадаць уласныя пытаньні, якія ў выпадку падтрымкі выпустошвалі б сэнс пытаньняў, прапанаваных А. Лукашэнкам, і не дазволілі тлумачыць вынікі рэфэрэндуму адназначна на карысьць выканаўчай улады. Апрача гэтага, фракцыямі камуністаў і аграраў быў распрацаваны ўласны праект Канстытуцыі, у якім пасады прэзыдэнта не было ўвогуле.

На ініцыятыву сьпікера С. Шарэцкага, які засумняваўся ў правамоцнасьці вынясеньня новых праектаў Канстытуцыі на рэфэрэндум, пастанова ВС ад 6 верасьня 1996 г. аб прызначэньні рэфэрэндуму была разгледжана ў Канстытуцыйным Судзе. 4 лістапада Канстытуцыйны Суд (далей — КС) прыняў пастанову аб тым, што абодва варыянты праектаў Канстытуцыі прадугледжваюць зьмену дзяржаўнага ладу і таму вынікі такога рэфэрэндуму ня могуць мець абавязковай сілы. Кансультацыйны характар рэфэрэндуму быў пазначаны нават у бюлетэнях для галасаваньня. Тым ня менш, на падставе яго вынікаў уся структура вышэйшых органаў дзяржаўнае ўлады ў краіне была рэарганізавана.

Паводле арт. 91 Канстытуцыі 1996 г., беларускі парлямэнт — Нацыянальны сход — складаецца зь дзьвюх палатаў: Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў) і Савету Рэспублікі (64 дэпутаты). Найвышэйшая палата — Савет Рэспублікі — адначасова ёсьць палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай з 6 абласьцей і ад г. Менску ў яе абіраецца па 8 чалавек, а яшчэ 8 прызначаецца прэзыдэнтам.

Першая рэпэтыцыя сэсіі новага парлямэнту абылася яшчэ да рэфэрэндуму, 19 лістапада, калі 80 ляяльных да прэзыдэнта дэпутатаў на запрашэньне дэпутата Івана Пашкевіча накіраваліся на нараду ў будынак Адміністрацыі прэзыдэнта, стварыўшы тым самым праблему кворуму на паседжаньні Вярхоўнага Савету (далей — ВС). Сапраўдная ж рэарганізацыя парлямэнту пачалася да афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму, 25 лістапада. Дэпутаты былі ізноў запрошаныя ў Адміністрацыю, дзе кожнаму зь іх было прапанавана падпісаць тыпавую заяву з просьбай аб залічэньні ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У першы дзень гэты дакумэнт падпісалі 62 з 84 прыбылых дэпутатаў. На наступны дзень, калі, па афіцыйных зьвестках, сабралося 117 дэпутатаў, былі сфармаваныя органы кіраваньня ПП НС (далей ПП НС). Сьпікерам, на прапанову А. Лукашэнкі, стаў былы першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, а віцэ-сьпікерам — Лукашэнкаў даўні сябра, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Ўладзімер Канаплёў. У ПП НС увайшло 70%, ці 52 дэпутаты фракцыі «Згода», а таксама палова аграраў і камуністаў: 24 дэпутаты ад аграраў і 21 дэпутат ад камуністаў. 28 лістапада ПП НС прыняла пастанову адклікаць зварот дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў КС, чым прадухіліла ўзнаўленьне справы аб імпічмэнце прэзыдэнта. Між тым, 63 дэпутаты ВС, якія паставілі подпісы пад гэтым зваротам і засталіся вернымі Канстытуцыі 1994 г., сваіх подпісаў так і не адклікалі.