Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 47

Валер Булгакаў

Урад, сфармаваны Лукашэнкам, які існаваў на працягу 1994—1995 гадоў, атрымаў з боку апанэнтаў рэжыму вызначэньне: «урад «маладых ваўкоў». Але гэта вызначэньне ў дастатковай ступені памылковае, бо не бярэцца пад увагу некалькі вельмі паказальных прызначэньняў: віцэ-прэм’ерамі новага ўраду сталі Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Лінг. На працягу другой паловы 1994—1995 гадоў урад моцна зьмяніўся. Адзначым асноўныя, знакавыя кадравыя зьмены. У студзені 1994 году падаў у адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера Віктар Ганчар, які неўзабаве стане дэмакратычным палітыкам. А ў красавіку 1995 году на пасаду кіраўніка ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта быў прызначаны адыёзны палітработнік Уладзімер Замяталін.

Прыход Уладзімера Замяталіна адзначыў пачатак наступных зьменаў. Галоўны ідэоляг ураду Кебіча ўва ўрадзе Лукашэнкі атрымаў большую прастору для дзеяньняў. На месца прафэсійных мэнэджэраў ува ўладу хваля за хваляй сталі прыходзіць людзі, зьвязаныя з камуністычнай намэнклятурай.

Першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі падобныя да добра пастаўленага спэктаклю. Тут было ўсё: барацьба дабра і зла, галоўны герой, інтрыга і, у рэшце рэшт, шчасьлівы канец — перамога дабра, увасобленага ў галоўным герою.

Працэс раздваеньня органаў улады ў выніку канстытуцыйнага крызысу лістапада 1996

Аўтарытарны стыль кіраваньня прэзыдэнта Лукашэнкі і яго наступства, канстытуцыйны крызыс лістападу 1996 году, прывёў да таго, што з 24 лістапада 1996 г. у Беларусі склалася, а пасьля 20 ліпеня 1999 г. замацавалася сытуацыя суіснаваньня легітымных безуладных і нелегітымных пануючых органаў улады. Пры гэтым у практыцы іх функцыянаваньня з абодвух бакоў усталявалася перавага нефармальных інстытутаў над фармальнымі. Рэарганізацыя вышэйшых органаў дзяржаўнае ўлады, умацаваньне выканаўчай вэртыкалі і сілавых структураў, усталяваньне кантролю над СМІ і ўсімі галінамі жыцьця грамадзтва, а таксама выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на выбарах дазволіла А. Лукашэнку застацца пры ўладзе пасьля сканчэньня тэрміну яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, акрэсьленых у Канстытуцыі 1994 г., па якой ён абіраўся. Апазыцыйныя сілы, ня здолеўшы прадухіліць гэтага працэсу, замацавалі за сабой ролю абароньнікаў канстытуцыйнай законнасьці і аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускага грамадзтва.

Заканадаўчая ўлада

Найвышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады ў Беларусі зьяўляецца Вярхоўны Савет. У арт. 83 Канстытуцыі 1994 г. за ім замацаваныя такія паўнамоцтвы, як прызначэньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, прыняцьцё і ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю, абраньне Канстытуцыйнага суду і кіраўнікоў іншых найвышэйшых органаў судовае ўлады, а таксама зацьвярджэньне рэспубліканскага бюджэту[а].

Працэс раздваеньня заканадаўчае ўлады ў Беларусі ўпершыню акрэсьліўся падчас першага канфлікту паміж прэзыдэнтам і ВС 12 скліканьня ў красавіку 1995 г. Хаця вага апазыцыі ў ВС 13 скліканьня была меншай, чым у папярэднім складзе, разыходжаньні паміж ім і прэзыдэнтам акрэсьліліся пры выбары старшыні. Насуперак жаданьню А. Лукашэнкі, ім стаў не былы прэм’ер-міністар В. Кебіч, а старшыня Аграрнай партыі С. Шарэцкі, які заявіў, што мае намер дзейнічаць у імя рынкавых рэформаў, захаваньня сувэрэнітэту краіны і недатыкальнасьці Канстытуцыі.