Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 40

Валер Булгакаў

Насуперак фармальным атрыбутам незалежнасьці савецкай рэспублікі, кіруючая эліта БССР, а затым і Рэспублікі Беларусі, не праяўляла поўнай самастойнасьці, рэагуючы на дзеяньні Масквы.

Паразытаваньне на расійскіх рэсурсах засталося адзінай стратэгіяй беларускай намэнклятурнай эліты, якія ня мела ніякіх вартасных арыенціраў, апрача імкненьня захаваць уладу.

Паколькі ўнутры Беларусі не было дастаткова моцных элітаў, здольных істотна ўплываць на ўнутранае палітычнае становішча, асноўная крыніца пераменаў у беларускай сыстэме разьмеркаваньня ўлады-ўласнасьці знаходзілася па-за яе межамі. Нацыяналістычная апазыцыя, якая дасягнула пэўнага ўплыву на беларускім палітычным полі ў значнай ступені дзякуючы пераменам у Расіі, ад пачатку дэкляравала нэгатыўнае стаўленьне да мэтраполіі. Але пры гэтым яна гэтак жа ацэньвала Маскву як сур’ёзны цэнтар палітычнага ўплыву на ўнутрыбеларускія працэсы. Калі старая намэнклятурная эліта лічыла праімпэрскія, пракамуністычная сілы ў Маскве гарантам аднаўленьня савецкай сыстэмы, дык нацыяналістычная апазыцыя канструявала вобраз магутнага ворага, што ўвесь час пагражае беларускай незалежнасьці. Эканамічныя праблемы Беларусі і хібнасьць яе палітычнай сыстэмы тлумачыліся падкопамі Масквы.

Міталягема магутнай Масквы стала важным складнікам ідэалягічнай прасторы постсавецкай Беларусі. Яе глыбокае пранікненьне ў масавую сьвядомасьць савецкіх беларусаў служыла апраўданьнем беларускіх элітаў за свае ўласныя няўдачы на ўнутранай эканамічнай і палітычнай прасторы.

Старая намэнклятурная эліта, апэлюючы да неабходнасьці аднаўленьня Савецкага Саюзу, абапіралася на сыстэму ўяўленьняў савецкага насельніцтва.

Новая, нацыяналістычная і, часткова, дэмакратычная эліта выкарыстоўвала антымаскоўскі міт, хаваючы сваю слабасьць на ўнутрыбеларускім палітычным полі.

Ад пачатку, з часоў гарбачоўскай перабудовы, Масква выступала, хаця часьцяком і міжволі, ініцыятарам пераменаў у Беларусі.

У адрозьненьне ад Прыбалтыкі і Ўкраіны, распаду СССР і працэсу набыцьця незалежнасьці ў Беларусі не папярэднічаў рост нацыянальнай самасьвядомасьці. Старая, савецкая ідэнтычнасьць гняла бальшыню насельніцтва, абмяжоўваючы лік прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху, блякуючы ініцыятывы нацыяналістычнай апазыцыі, што не наважвалася на радыкальныя дзеяньні ў барацьбе з савецкай намэнклятурай.

ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЕ АДСТАВАНЬНЕ, ІНТЭНСІЎНАЯ ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫЯ, РАЗБУРЭНЬНЕ ЭТНАКУЛЬТУРНАЙ ПРАСТОРЫ

Такія чыньнікі, як фізычнае зьнішчэньне нацыянальнай эліты, здушэньне нацыянальнай ідэалёгіі ў інтарэсах камуністычнай і пасьлядоўная палітыка русіфікацыі ў пасьляваенны пэрыяд, дапоўніліся новымі магутнымі чыньнікамі, якія блякавалі разьвіцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Пасьляваеннае аднаўленьне Беларусі было не аднаўленьнем, а, фактычна, стварэньнем беларускай індустрыі.