Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 42

Валер Булгакаў

Працэс мадэрнізацыі «наўздагон», што накіроўваўся з Масквы ў комплексе з спадчынай русіфікацыі ў складзе Расійскай імпэрыі, а затым Савецкага Саюзу, стварыў у Беларусі адмысловую соцыякультурную сытуацыю, якая прывяла да слабасьці дэмакратычных сілаў у постсавецкай Беларусі.

Разьдзел 2

Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год

Увядзеньне пасады прэзыдэнта Беларусі

Дастаткова дакладны адказ на пытаньне, што такое насамрэч сучасная Рэспубліка Беларусь і што зь сябе ўяўляе фэномэн прэзыдэнцкай улады ў Беларусі, немагчыма даць на падставе аналізу юрыдычнага статусу, кампэтэнцыі органаў улады. Можна вывучыць заканадаўчыя акты Беларусі: Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў, Закон аб прэзыдэнту 1995 году, іншыя нарматыўныя акты, што рэгулюць прававы статус, вызначаюць кола паўнамоцтваў беларускага прэзыдэнта — і атрымаць вельмі далёкае ад сапраўднасьці ўяўленьне аб тым, хто такі беларускі прэзыдэнт дэ-факта.

Адказаць на гэтае пытаньне можна толькі на падставе вывучэньня дзеяньняў прэзыдэнта, яго асяродзьдзя, яго прыхільнікаў і апанэнтаў у беларускай палітыцы, паступовых зьменаў стану беларускага грамадзтва, зьменаў у грамадзкай думцы. Акурат гэтыя зьмены адлюстроўваліся ў заканадаўстве.

Тэндэнцыі фармаваньня існуючага цяпер палітычнага рэжыму праявіліся да таго часу, як яны былі адлюстраваныя ў заканадаўстве ў выніку правядзеньня ў 1996 годзе рэфэрэндуму і зацьвярджэньня прапанаванай Лукашэнкам новай рэдакцыі Канстытуцыі. Сапраўдны статус, кола паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі вызначыліся за першыя 14 месяцаў яго знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе — да кастрычніка 1995 году.

Прыход Лукашэнкі да ўлады і наступнае фармаваньне рэжыму асабістай улады ў Беларусі зьявы не выпадковыя, а заканамерныя, вызначаныя кірункам і характарам палітычных працэсаў у Беларусі задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году.

У 1991-1992 гг. сярод палітычнай эліты Беларусі было даволі распаўсюджаным меркаваньне, што больш адпаведнай патрэбам палітычнага разьвіцьця Беларусі формай кіраваньня ёсьць парлямэнцкая рэспубліка. Дыскусіі аб неабходнасьці зьмены формы кіраваньня пачаліся ў Вярхоўным Савеце ў траўні 1993 году.

Напрыканцы 1993 году ў парлямэнце стала дамінуючым меркаваньне, што акурат прэзыдэнцкая рэспубліка ёсьць формай кіраваньня, якая дазволіць вывесьці Беларусь з глыбокага эканамічнага крызысу, стварыць спрыяльныя ўмовы для забесьпячэньня парадку, арганізаванасьці, дысцыпліны, апэратыўнага прыняцьця неабходных палітычных пастановаў.