Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 39

Валер Булгакаў

Пасьля канчатковага зацьвярджэньня камуністычнага рэжыму і ачысткі ад старых нацыянал-камуністычных кадраў, савецкая сыстэма фармавала ўспрыняцьцё беларускай гісторыі выключна ў кантэксьце савецкай. Клясычныя творы нацыянальнай літаратуры выбіраліся для ўкладаньня падручнікаў у адпаведнасьці з патрабаваньнямі камуністычнае цэнзуры. Ідэалёгія нацыянальна-вызвольнага руху інтэрпрэтавалася з гледзішча сацыялістычнай рэвалюцыі. Увесь корпус афіцыйна дазволенай нацыянальнай літаратуры, ваенная міталёгія савецкай Беларусі спрыялі разьвіцьцю ня столькі нацыянальнай, колькі савецкай ідэнтычнасьці.

Пераважная бальшыня пасьляваеннай беларускай эліты на пачатак распаду СССР і была носьбітам такой ідэнтычнасьці або мела надзвычай слабую нацыянальную самасьвядомасьць. Насельніцтва Беларусі ў масе не ўспрыняло распад СССР і крах сацыялістычнай сыстэмы як вынік яе глыбокага ўнутранага крызысу.

Лідэры БНФ, які стаў цэнтрам нацыянальна-дэмакратычнага руху, і ў прыватнасьці Зянон Пазьняк, спрабавалі ўкараніць нацыяналістычную ідэалёгію, ня ўлічваючы соцыякультурнай спэцыфікі постсавецкай Беларусі ў параўнаньні з Украінай або Прыбалтыкай. Ядро БНФ складала гуманітарная і творчая інтэлігенцыя, перш за ўсё цесна зьвязаная з нацыянальнай культурай і мовай. Але ў параўнаньні з астатнім насельніцтвам гэтая група была дастаткова малалікая і недастаткова радыкальная ў сваіх дзеяньнях супраць старой эліты. Адзінства апазыцыі не было дасягнута з прычыны адсутнасьці кансалідацыі новых элітаў на аснове супольных вартасьцяў.

МАСКВАЦЭНТРЫЗМ СТАРЫХ І НОВЫХ ЭЛІТАЎ

Масквацэнтрысцкая гістарычная канцэпцыя накідалася насельніцтву ўсіх савецкіх рэспублік. Міталягема Масквы — цэнтру Савецкай Радзімы, русіфікацыя, пры аслабленьні ідэалягічнага кантролю, атрымлівалі ў нацыянальных элітаў нэгатыўную інтэрпрэтацыю. Палітыка русіфікацыі стала аргумэнтам нацыянальна-дэмакратычных рухаў у барацьбе за нацыянальную незалежнасьць. Аднак у Беларусі працэс русіфікацыі насельніцтва ішоў значна больш пасьпяхова.

У адрозьненьне ад астатніх рэспублік СССР, якія таксама атрымалі незалежнасьць праз дэмакратызацыю і дэмантаж савецкай сыстэмы, ініцыяваных Масквой, Беларусь найбольш моцна трымалася пазыцыяў масквацэнтрызму.

Кіруючая партыйна-намэнклятурная эліта імкнулася аднавіць сувязі з былым цэнтрам. Пагаршэньне эканамічнага становішча, зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва зьвязваліся з разбурэньнем эканамічных сувязяў з Расіяй. Усе ініцыятывы беларускай партыі ўлады былі накіраваныя на аднаўленьне становішча, у якім была Беларусь да распаду СССР. Гэта значыць, на ўзнаўленьне расійскіх датацыяў і захаваньне нявыгадных для Расіі прывілеяў. Адпаведна, беларуская намэнклятурная эліта імкнулася атрымаць падтрымку антырэфармісцкіх сілаў у Маскве. Аднаўленьне ранейшых стасункаў было магчымае толькі пры рэанімацыі ранейшай савецкай палітычна-эканамічнай сыстэмы.