Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 38

Валер Булгакаў

Але аслабленьню этнакультурнай традыцыі, размываньню нацыянальнай ідэнтычнасьці спрыяла ня толькі мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі. Працэс разбурэньня ідэнтычнасьці беларускага этнасу праходзіў у сытуацыі інтэнсіўнага размываньня этнакультурнай ідэнтычнасьці нацыянальнай эліты. Калі ў часы панаваньня польскай Кароны эліта палянізавалася, то пры расійскім панаваньні адбываўся працэс яе русіфікацыі, які суправаджаўся сустрэчным працэсам — фармаваньнем нацыянальнай літаратуры, літаратурнай мовы, станаўленьнем беларускамоўнай нацыянальнай эліты.

Па ўваходжаньні беларускіх земляў у склад СССР абедзьве тэндэнцыі, фармаваньня беларускай нацыі і русіфікацыі беларускага насельніцтва, захаваліся і разьвіваліся ў крыху мадыфікаваным выглядзе. Зьдзяйсьнялася фарсаваная русіфікацыя і «саветызацыя» беларускага грамадзтва. У працэсе урбанізацыі разбуралася самабытная народная культура ў беларускай вёсцы. Але, разам з тым, статус БССР у якасьці саюзнай рэспублікі фіксаваў існаваньне беларускай нацыі на дзяржаўным узроўні, спрыяў нацыянальна-дзяржаўнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Трэба адзначыць, што ідэя нацыянальнай дзяржаўнасьці сфармавалася ў нечым дзякуючы статусу Беларусі ў складзе СССР. З часоў падзелу Рэчы Паспалітай і да стварэньня БССР беларусы ня мелі сваёй дзяржавы. У Расійскай імпэрыі Беларусь называлася Паўночна-Заходнім краем, а беларусы не прызнаваліся асобнай нацыяй. Пасьля таго як была зрынутая дынастыя Раманавых, Беларуская Народная Рэспубліка, якая ўтварылася на месцы паўночна-заходняй правінцыі, была хутка ліквідаваная бальшавікамі. Магчыма, акурат гэтая спроба і змусіла бальшавіцкі ўрад абвясьціць Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.

У пэрыяд адносна слабога кантролю з боку савецкага цэнтру ў 20-я гады ішоў працэс інтэнсіўнага фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, аднак на чале яго стаяла камуністычная нацыянальная інтэлігенцыя. Яшчэ ў часы панаваньня нацыянал-камуністаў беларуская нацыянальная ідэалёгія была шчыльна зьнітаваная і падпарадкаваная камуністычнай ідэалёгіі. У далейшым рэпрэсіі сталінскага рэжыму супраць нацыянальнай эліты, зьнішчэньне беларусаў і беларускіх элітаў у часы другой сусьветнай вайны кардынальна зьмянілі ня толькі дэмаграфічны склад насельніцтва, але і трансфармавалі тэндэнцыі соцыякультурнага разьвіцьця.

Вайна раскалола нацыянальную эліту, што ацалела ад сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля перамогі Савецкага Саюзу частка яе, што супрацоўнічала з акупацыйным рэжымам, ня ўдзельнічала ў разьвіцьці падзеяў унутры Беларусі. У БССР засталася толькі прасавецкая, камуністычная эліта. Аднаўленьне нацыянальнай эканомікі суправаджалася аднаўленьнем таталітарнай партыйнай машыны. Хаця ўнутры Беларусі і сфармаваўся корпус камуністычных кіраўнікоў з былых партызанаў з моцнымі карпаратыўнымі сувязямі, яны не маглі стаць паўнавартымі праваднікамі нацыянальнай ідэі. У іх сьветапоглядзе нацыянальная ідэя не канкуравала з камуністычнай ідэалёгіяй. Апрача таго, у Беларусі ня склалася традыцыя дысыдэнцтва. У 70-я гады тут не было ніводнай гэльсынскай групы. Адсутнасьць дысыдэнтаў — адзін з чыньнікаў слабасьці Беларускага народнага фронту ў барацьбе з старой савецкай элітай.