Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 41

Валер Булгакаў

Да другой сусьветнай вайны цяжкая прамысловасьць знаходзілася ці не на зародкавай стадыі разьвіцьця. У Беларусі пераважала аграрная эканоміка, сельскае насельніцтва па сваёй колькасьці істотна дамінавала над гарадзкім. Аднак у пасьляваенны мірны час Беларусь стала «зборачным цэхам» Савецкага Саюзу. Тут выраблялася 30% электронна-вылічальнай тэхнікі і 23% радыёпрамысловай апаратуры, знаходзіліся галоўныя ў СССР прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудаваньня і аўтамабілебудаваньня.

У канцы 80-х Беларусь лічылася эканамічна разьвітым рэгіёнам СССР. Тут былі найвышэйшыя тэмпы росту вытворчасьці, найвышэйшы ВУП на душу насельніцтва. Тут жа былі і найвышэйшыя тэмпы росту прадукцыйнасьці працы. Такі эканамічны рост шмат у чым быў абумоўлены няяўнымі датацыямі з боку Расіі, заснаванымі на сацыялістычнай, савецкай сыстэме цэнаўтаварэньня.

Працэс пасьляваеннай індустрыялізацыі ўклаўся ў пэрыяд жыцьця аднаго пакаленьня. У 1940 годзе на долю гарадзкога насельніцтва прыходзілася ўсяго 21,3%, у той час як у Расіі — 34,4%. Пасьля другой сусьветнай вайны ў Беларусі пачаўся бурны рост індустрыі. Пачынаючы з канца 50-х гадоў у Беларусі адбывалася імклівая урбанізацыя. За час з 1959 да 1987 году гарадзкое насельніцтва вырасла ў 2,62 раза. Значную долю сярод гарадзкога насельніцтва сталі складаць выхадцы зь вёскі ў першым пакаленьні.

Працэс індустрыялізацыі й урбанізацыі праходзіў у варунках татальнага панаваньня камуністычнай ідэалёгіі пасьля разбурэньня спэцыфічнага культурнага асяродзьдзя беларускіх гарадоў, пасьля фактычнага зьнішчэньня гарадзкой культурнай прасторы разам з самімі гарадамі ў часе другой сусьветнай вайны. Разам з будаўніцтвам новых паселішчаў на руінах старых культурных цэнтраў у сьвядомасьць беларускага насельніцтва ўкараняліся асноўныя клішэ беларускай савецкай міталёгіі — пра адзінства лёсаў расійскага і беларускага народаў, пра пралетарскі інтэрнацыяналізм, прыярытэт агульнасаюзных інтарэсаў над інтарэсамі нацыянальных рэспублік.

Сыстэма абмену таварамі, сыравінай, энэрганосьбітамі і грашовай масай у Савецкім Саюзе не была рынкавай. Абмен адбываўся цэнтралізавана, без адэкватнага ўліку ўкладаньняў кожнага рэгіёну ў вытворчасьць тавараў. Цэны на энэрганосьбіты, што пастаўляліся з Расіі, былі прыблізна ў 2,7 раза ніжэйшыя за сусьветныя. А вось цэны на тавары лёгкай прамысловасьці, што ішлі зь Беларусі ў Расію, з улікам якасьці былі ўтрая вышэйшыя за сусьветныя; а цэны на харчовыя тавары — у 2,6 вышэйшыя за сусьветныя. Як найбольш пацярпелая ў Другой сусьветнай вайне, з магутным партызанскім лёбі, Беларусь сілкавалася расійскімі рэсурсамі. На тле нарастаньня крызысу савецкай сыстэмы Беларусь, захоўваючы свой прывілеяваны стан у разьмеркаваньні тавараў і рэсурсаў, мела найлепшы дабрабыт. Тут было значна менш незадаволенасьці савецкім рэжымам, чымся ў іншых рэспубліках СССР.

У пасьляваеннай Беларусі, стымуляваная індустрыялізацыяй і урбанізацыяй, разьвівалася соцыякультурная сытуацыя, яшчэ да другой сусьветнай вайны ахарактарызаваная Хасэ Аргэгам-і-Гасэтам як «паўстаньне масаў». Ішло фармаваньне савецкага масавага грамадзтва, зьвязанае з агульным падвышэньнем узроўню жыцьця, працэсамі разбурэньня ранейшых сацыяльных і культурных сувязяў, пераемнасьці пакаленьняў, ужо дастаткова аслабленых падзеямі нядаўняй беларускай гісторыі. Разьвівалася сыстэма масавай адукацыі і выхаваньня, што накідала савецкую ідэалёгію. Масы насельніцтва перамяшчаліся ў горад. У той жа час само гарадзкое культурнае асяродзьдзе фармавалася наноў. Старыя традыцыі былі ліквідаваныя ў працэсе разьвіцьця індустрыйнай сыстэмы. Размываньне этнакультурнай ідэнтычнасьці беларускага насельніцтва і разьвіцьцё спэцыфічнай савецкай працягвалася шпаркімі тэмпамі.