Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 37

Валер Булгакаў

Ужо ў пэрыяд зараджэньня беларускага нацыянальнага руху ў позьнім СССР выявілася асноўная праблема разьвіцьця палітычнай сыстэмы Беларусі паводле дэмакратычнага сцэнару. Дэмакратычныя рухі ў савецкіх рэспубліках разьвіваліся шмат у чым дзякуючы кансалідацыі элітаў і насельніцтва вакол антыімпэрскіх настрояў, ідэяў нацыянальнага адраджэньня і будаўніцтва. Аднак у Беларусі незадаволенасьць насельніцтва камуністычнай бюракратыяй не падмацоўвалася шырокімі антыімпэрскімі настроямі. У далейшым нацыянальна-дэмакратычны рух ня выпрацаваў дакладнага мадэрнізацыйнага праекту — ягоныя нацыяналістычны і дэмакратычны кампанэнты канфліктавалі.

Ідэі дэмакратызацыі бальшыня насельніцтва засвойвала ў інтэрпрэтацыі СМІ, усё яшчэ падкантрольных камуністычнай партыі. І хаця іх падзяляла дастатковая колькасьць грамадзянаў БССР, яны не суадносіліся шчыльна з ідэямі пабудовы незалежнай нацыянальнай дзяржавы, да стварэньня якой імкнуўся БНФ. Для насельніцтва БССР і, пазьней, незалежнай Рэспублікі Беларусі былі характэрныя непасьлядоўнасьць, фрагмэнтарнасьць уяўленьняў пра прымальную палітычную сыстэму, альтэрнатыўную існай бюракратычнай мадэлі. Антыкамунізм, патрабаваньне сацыяльнай справядлівасьці (адпаведна з савецкай традыцыяй), прымітыўныя ўяўленьні пра народаўладзьдзе і жаданьне падкантрольнасьці ўлады спалучаліся з глыбока ўкаранёнымі ў савецкай соцыякультурнай сыстэме патэрналісцкімі звычаямі.

Канцэптуальнае асэнсаваньне працэсаў, што адбываліся ў беларускім грамадзтве, ускладнялася адсутнасьцю ў бальшыні прадстаўнікоў беларускай эліты неабходнай гуманітарнай адукацыі, катэгарыяльнага апарату і комплексу ўяўленьняў, выпрацаваных заходняй сацыяльнай навукай, але не запатрабаваных савецкай сыстэмай адукацыі. Пры ўсёй адрознасьці ідэалягічных плятформаў і палітычных лёзунгаў як Аляксандар Лукашэнка, так і прыхільнікі апазыцыі аб’яднаныя сваім савецкім мінулым. Раскол на ідэалягічным і палітычным узроўні не адлюстроўваў прынцыповага канфлікту сыстэмаў вартасьцяў. Такіх дакладных вартасных стандартаў, што спрыяюць дакладнай палярызацыі грамадзтва, яго радыкалізацыі ў супрацьстаяньні, у беларускай палітычнай практыцы проста не было. Беларускае грамадзтва, якое ў масе не чакала і не імкнулася да радыкальных палітычных і эканамічных рэформаў, аказалася грамадзтвам без соцыякультурных арыенціраў.

РАЗЬВІЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ

У адрозьненьне ад рэспублік Прыбалтыкі або Ўкраіны, этнакультурная традыцыя Беларусі была найбольш слабой у працэсе супрацьстаяньня русіфікацыі. Дэмакратычныя вартасьці таксама ня сталі падмуркам для кансалідацыі элітаў, апазыцыйных старой камуністычнай намэнклятуры.

Складанасьць кансалідацыі на аснове лібэральных вартасьцяў тлумачыцца ня толькі патрыярхальным мінулым Беларусі. Слабасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці абумоўленая спэцыфічнай гісторыяй беларускай нацыі і яе элітаў.

На пачатку ХХ стагодзьдзя фармаваньне беларускай нацыі засталося незавершаным. Тэндэнцыя нацыянальнай кансалідацыі і супрацьлеглая тэндэнцыя русіфікацыі беларусаў пасьля інкарпарацыі беларускіх земляў Расійскай імпэрыяй разьвіваліся адначасова. Аналізуючы працэсы фармаваньня беларускай нацыі ў канфлікце з палітыкай русіфікацыі, Валер Карбалевіч піша пра ўзаемааслабленьне гэтых працэсаў. Няпэўнасьць самаідэнтыфікацыі народу стварала ўмовы для размаітых варыянтаў ягонага разьвіцьця ў залежнасьці ад геапалітычнай сытуацыі.