Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 36

Валер Булгакаў

Валер Карбалевіч, апісваючы сытуацыю ў Беларусі пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, характарызуе яе як палярызацыю, палітычны раскол паміж інтэлектуальнымі прыхільнікамі незалежнасьці і дэмакратыі й нізкаадукаванымі прыхільнікамі прэзыдэнта. Аднак больш справядлівым тут будзе ўважаць, што якраз недастатковая палярызаванасьць сярод беларускай эліты ў комплексе зь нізкай палітычнай культурай насельніцтва спрыялі перамозе Аляксандра Лукашэнкі і ўсталяваньню беларускага рэжыму.

Духоўныя наступствы савецкага рэжыму выклікаюць істотныя праблемы кансалідацыі прыхільнікаў дэмакратычнага разьвіцьця. Разбурэньне традыцыйнай сыстэмы вартасьцяў патрыярхальнага грамадзтва адбывалася ў працэсе насаджэньня атэістычнай ідэалёгіі камунізму. Аднак сур’ёзнай альтэрнатыўнай сыстэмы вартасьцяў камунізм не стварыў. Сама ўнутраная супярэчлівасьць савецкай ідэалёгіі спараджала канфлікт сыстэмаў вартасьцяў на ўзроўні індывідуальнай сьвядомасьці. Разбурэньню сыстэмы рэлігійных вартасьцяў спрыяла складаная канфэсійная сытуацыя. Беларускія землі ўваходзілі ў рэгіён распаўсюджаньня хрысьціянства, аднак як заходняга, так і ўсходняга. Абедзьве царквы ў розныя пэрыяды гісторыі займалі дамінуючае становішча. У далейшым тут разьвівалася і пратэстанцтва. Насельніцтва беларускіх земляў было поліканфэсійным.

Ніводная з хрысьціянскіх канфэсій не дамінавала на тэрыторыі Беларусі дастаткова доўга. Для Беларусі была характэрная зьмена канфэсійнай прыналежнасьці на працягу некалькіх пакаленьняў. Асабліва інтэнсіўна гэты працэс разьвіваўся ў пэрыяд уваходжаньня беларускіх земляў у склад Расійскай імпэрыі. Пераважна ўніяцкае і каталіцкае беларускае насельніцтва пасьлядоўна, вельмі часта гвалтоўна, схілялася ў праваслаўе. У 1839 годзе ўніяцтва было ліквідаванае, аднак посьпехі ўкараненьня праваслаўя былі дастаткова павярхоўныя.

У наш час у Беларусі адсутнічае царква, у якой дамінуе беларуская мова. У праваслаўнай пераважае расійская, у каталіцкай — польская. Спробы аднавіць уніяцтва, зьнішчанае на беларускіх землях з 1839 году, пакуль даюць досыць сьціплы вынік. Мітрапаліт Філарэт, які ўзначальвае Беларускую праваслаўную царкву, застаецца пад юрысдыкцыяй Маскоўскай патрыярхіі. Аднак і само праваслаўе, што насаджалася расійскай імпэрскай адміністрацыяй, ды хутка губляла сваіх вернікаў пасьля адноснай лібэралізацыі расійскай рэлігійнай палітыкі на пачатку ХХ стагодзьдзя, падарванае затым камуністычнай дыктатурай, ня мае ў Беларусі тых магутных гістарычна-культурных падвалінаў, як ў Расіі.

У выніку складаных гістарычна-культурных працэсаў рэлігійныя асновы вартаснай кансалідацыі беларускага грамадзтва ў ХХ стагодзьдзі дастаткова слабыя. Па сутнасьці, працэс рэлігійнага адраджэньня толькі пачынаецца.