Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 35

Валер Булгакаў

Аляксандар Лукашэнка дамогся магчымасьці караць непажаданых чыноўнікаў, аднак гэта не закранула падмуркаў панаваньня старой эліты — права, гарантаванага пасадай, не валодаць, але распараджацца дзяржаўнай уласнасьцю і адміністрацыйнай уладай.

ПЕРАДУМОВЫ ПАРАЗЫ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ КРЫЗЫС ВАРТАСЬЦЯЎ

Леанід Злотнікаў, адзін зь вядучых беларускіх эканамістаў, трактуе ўсталяваньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі як перамогу коснай, інэртнай савецкай бальшыні, рэванш сацыяльных нізоў. «Новыя лідэры... абапіраюцца ў сваёй дзейнасьці на сыстэму традыцыяналісцкіх, дабуржуазных вартасьцяў, якія ў беларускім грамадзтве захаваліся ў большай ступені, чым у суседніх краінах. Адсюль нэгатыўнае стаўленьне прэзыдэнта да пасярэднікаў і фінансістаў, уяўленьні пра «натуральную» гіерархічную сыстэму аднаасобнай улады і арганічнае адзінства грамадзтва».

Аднак трактоўка соцыякультурных асноваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі як традыцыяналісцкіх выклікае пэўныя сумненьні. Традыцыяналізм Аляксандра Лукашэнкі ня йдзе далей пэрыяду панаваньня камуністычнай партыі. Больш слушна будзе казаць пра квазітрадыцыяналізм, спэцыфічны савецкі кансэрватызм прэзыдэнцкага электарату, які мае мала супольнага з заходнім кансэрватызмам. Постсавецкая Беларусь — спадкаемца масавага савецкага грамадзтва часоў БССР зь яго дзяржаўным атэізмам і пасьлядоўнай палітыкай разбурэньня традыцыйных інстытутаў. Апэляцыі прэзыдэнта і прэзыдэнцкай прапаганды да праваслаўя маюць месца толькі ў кантэксьце невыразных ідэяў панславізму, апраўданьня антызаходняй палітыкі цяперашняга беларускага кіраўніцтва.

Беларускі рэжым абапіраецца не на пэўную сыстэму вартасьцяў, а на адсутнасьць агульнага стандарту вартасьцяў у беларускім грамадзтве. Гэты рэжым усталяваўся на хвалі стыхійнага пратэсту малаадукаванага насельніцтва супраць зьбядненьня і сацыяльнай несправядлівасьці і існуе за кошт адсутнасьці пазытыўных альтэрнатываў, зразумелых беларускаму грамадзтву.

Галоўныя ідэалягемы прэзыдэнцкай прапаганды, пасьля помсты багатым, — сытасьць і спакой. Але сытасьць і стабільнасьць любым коштам ня могуць быць вартаснай базай грамадзтва. Абраньне прэзыдэнта Лукашэнкі ацэньваецца як электаральная рэвалюцыя, у якой вартасьці традыцыйнага грамадзтва ўзялі гару над вартасьцямі лібэральнага грамадзтва. Аднак, з улікам разбурэньня традыцыйных патрыярхальных структураў беларускага, да другой сусьветнай вайны пераважна аграрнага, грамадзтва ў пасьляваенны пэрыяд, больш слушна будзе гаварыць не пра перамогу традыцыйных вартасьцяў, а пра трыюмф антыкапіталістычнай мэнтальнасьці. На працягу ўсяго часу панаваньня камуністычнай партыі ў Беларусі разьвіваўся культываваны савецкай прапагандай комплекс антыкапіталістычных стэрэатыпаў. Усе гэтыя антыкапіталістычныя забабоны і іх наступствы падрабязна прааналізаваныя яшчэ Людвігам фон Мізэсам.