Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 34

Валер Булгакаў

З фактычнай ліквідацыяй сыстэмы разьдзяленьня ўладаў, якая толькі нараджалася, Беларусь вярнулася да выходнай сыстэмы перадпалітычных мэханізмаў зьдзяйсьненьня ўлады, хаця і мадыфікаванай. Пераемнасьць з ранейшай савецкай сыстэмай захавалася ў імітацыі народаўладзьдзя — выбарах у мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, цалкам дэкарацыйныя ў палітычных адносінах. Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусі фармальна выступае спадкаемцам Вярхоўнага Савету і найвышэйшым заканадаўчым органам. Але фактычна ён пакліканы агучваць у якасьці законапраектаў ініцыятывы, што выходзяць ад прэзыдэнта. Як і пры савецкай сыстэме, улада застаецца непразрыстай для насельніцтва. Аснову дзяржаўнай улады, як і раней, складаюць не палітычныя інстытуты, а карпаратыўныя і сваяцкія сувязі ўладных асобаў.

Але ў новай беларускай сыстэме ўлады, сфармаванай пры канцы 1996 году, ёсьць істотныя адрозьненьні ад ранейшай, савецкай. Няма якой-колечы выразнай ідэалёгіі, здольнай кампэнсаваць камуністычную ідэалёгію ў БССР. У адрозьненьне ад таталітарнай савецкай сыстэмы, дзе дзяржава і камуністычная партыя выкарыстоўвалі свае ідэалягічныя рэсурсы для мабілізацыі насельніцтва на вырашэньне пастаўленых партыяй заданьняў, беларускі рэжым імкнецца да максымальнай дэмабілізацыі насельніцтва, нэўтралізацыі ягонай палітычнай актыўнасьці. Беларуская прапаганда, у адрозьненьне ад савецкай, не апэлюе да ідэі будаўніцтва лепшай будучыні. Яна ў першую чаргу зьвяртаецца да міталягізаванай савецкай мінуўшчыны. Афіцыйныя дзяржаўныя сьвяты, усталяваныя пасьля 1996 году, так ці гэтак, адрасуюць беларускае насельніцтва да беларуска-савецкага міту пра дзяржаву народнага дабрабыту. У адрозьненьне ад савецкай сыстэмы, мэханізм палітычных рэпрэсіяў значна слабейшы. Нягледзячы на паліцэйскія акцыі, у Беларусі, хаця і абмежаваная дзяржаўнай манаполіяй на СМІ, захавалася свабода слова.

Замест палітбюро манапольнай партыі, неаддзельнай ад дзяржавы, улада апынулася ў руках прэзыдэнта, які ня быў прадстаўніком ніводнай партыі. Выдаліўшы з сваёй каманды прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў, Аляксандар Лукашэнка быў змушаны зьвярнуцца па дапамогу да старой бюракратыі. Такім чынам, старая эліта, абмежаваная ў сваіх уладных рэсурсах прэзыдэнцкай групоўкай, тым ня менш захавала доступ да рэсурсаў улады-ўласнасьці, дзякуючы кансэрвацыі адміністрацыйнай эканомікі.

Прэзыдэнт і яго атачэньне блякавалі намэнклятурную прыватызацыю ў тым выглядзе, у якім яна разьвівалася з 1990 па 1994 год. Але ў пляне захаваньня закрытай сыстэмы распараджэньня ўласнасьцю і ўладай інтарэсы прэзыдэнцкай групоўкі і старой эліты ў значнай ступені супалі. Сьветапоглядныя стэрэатыпы новага прэзыдэнта і старой намэнклятуры таксама былі блізкія. «Лукашэнка, правадыр «народнай рэвалюцыі», ідэалягічна вельмі мала адрозьніваўся ад свайго нібыта галоўнага антаганіста, правадыра «партыі ўлады», прэм’ера Кебіча. Асабліва яскрава і гратэскна гэта выявілася потым, калі Лукашэнка спрабаваў зрабіць акурат Кебіча, якога ён раней абяцаў, стаўшы прэзыдэнтам, пасадзіць у турму, сьпікерам Вярхоўнага Савету і, прагнаўшы групу інтэлігентаў, што першапачаткова далучыліся да яго, бо бачылі ў ім альтэрнатыву «застойнасьці», «затхласьці» кебічаўскага часу і разьлічвалі ім «кіраваць», абкружыў сябе нармальнымі прадстаўнікамі кебічаўскай намэнклятуры».