Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 33

Валер Булгакаў

ТРАНСФАРМАЦЫЯ ПАЛІТЫЧНАЙ ПРАСТОРЫ БЕЛАРУСІ ПАСЬЛЯ ЎВЯДЗЕНЬНЯ ІНСТЫТУТУ ПРЭЗЫДЭНТА

У момант выбараў першага прэзыдэнта ў палітычнай прасторы Беларусі можна было вылучыць два супрацьлеглыя лягеры. Старая савецкая эліта, якія ня мела дакладнай палітычнай арганізацыі, але кантралявала ключавыя дзяржаўныя пасады і мела адмысловае палітычнае лёбі ў Вярхоўным Савеце, і нацыянальна-дэмакратычны рух, які афармляўся ў сыстэму палітычных партыяў. Барацьба за пасаду прэзыдэнта вялася абедзьвюма асноўнымі групамі з мэтай павялічыць рэсурсы легітымнага панаваньня, іх экспрапрыяцыі ў праціўніка і пераразьмеркаваньня на сваю карысьць.

Але ў выніку кансэрватыўнай электаральнай рэвалюцыі на выбарах 1994 году і потым, пры ўмацаваньні прэзыдэнцкай улады, гэтая бінарная сыстэма палітычнага супрацьстаяньня «старая эліта — апазыцыя» была трансфармаваная. Ніводзін з палюсоў улады — ні старая намэнклятура, ні нацыянал-дэмакратычны блёк — не атрымаў стратэгічнай перавагі ў выглядзе кантролю над інстытутамі выканаўчай улады. Замест гэтага сфармавалася яшчэ адна сіла, што сканцэнтравала ўладныя рэсурсы, зьвязаная зь першымі дзьвюма, але разам з тым і адносна незалежная. Прэзыдэнт Лукашэнка і яго атачэньне сталі трэцяй сілай, вакол якой сканцэнтраваліся ідэалягічныя і адміністрацыйныя рэсурсы.

Старая беларуская эліта, праводзячы перадвыбарную кампанію Вячаслава Кебіча, імкнулася ў цэлым захаваць ранейшую, бінарную сыстэму супрацьстаяньня намэнклятуры і нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. Намэнклятура толькі хацела стабілізаваць сваё становішча, пераразьмеркаваўшы з дамапогай выбараў, як мэханізму легітымацыі найвышэйшай выканаўчай улады, ідэалягічныя і дадатковыя адміністрацыйныя рэсурсы на сваю карысьць. Заданьне нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі, наадварот, палягала ў тым, каб з дапамогай выбараў дэлегітымізаваць палітычнае панаваньне старой эліты, пераразьмеркаваўшы адміністрацыйны, а разам з тым, ува ўмовах усё яшчэ дзяржаўнай эканомікі, і эканамічны рэсурсы на сваю карысьць.

Але ў выніку выбараў сфармавалася трэцяя, спачатку нешматлікая група ўлады — прэзыдэнт і атачэньне. Дэмакратычна абраны прэзыдэнт Лукашэнка выступаў на беларускай палітычнай сцэне як самастойны актор, які супрацоўнічаў ці супернічаў з прадстаўнікамі абедзьвюх груповак.

З умацаваньнем прэзыдэнцкай улады ў палітычнай прасторы сфармаваліся тры групоўкі. Старая намэнклятура зь яе савецкімі традыцыямі, прэзыдэнт Лукашэнка і яго атачэньне зь сярэдняга зьвяна беларускай намэнклятуры, нацыянальна-дэмакратычныя групоўкі. У залежнасьці ад сытуацыі кожная з гэтых групаў выступала ці то супраць дзьвюх іншых, ці то сумесна з адной зь іх, абмяжоўваючы рэсурсы трэцяй.

Валодаючы магутным ідэалягічным і, забясьпечаным Канстытуцыяй, адміністрацыйным рэсурсамі, прэзыдэнт зьдзейсьніў пераразьмеркаваньне рэсурсаў улады-ўласнасьці на сваю карысьць. Нацыянальна-дэмакратычныя сілы засталіся ў становішчы апазыцыйных, аднак і частка намэнклятурнага істэблішмэнту, страціўшы ранейшыя пазыцыі, яўна ці няяўна таксама апынулася ў становішчы апазыцыянэраў прэзыдэнцкай групоўцы ўлады.