Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 32

Валер Булгакаў

Рыторыка Аляксандра Лукашэнка абапіралася на комплекс савецкіх міталягем, што ўкараняліся савецкай ідэалягічнай машынай і функцыянавалі ў сьвядомасьці прэзыдэнцкага электарату на ўзроўні «здаровага розуму». Ідэя простага народаўладзьдзя, спрошчанае разуменьне дэмакратыі як скасаваньне гіерархіі ў палітычнай сыстэме, недавер да прадстаўнічых органаў санкцыянавалі антыдэмакратычныя дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі. У стаўленьні электарату, кансалідаванага вакол постаці прэзыдэнта, да свайго абраньніка праявілася характэрная рыса масавага чалавека Артэгі-і-Гасэта — атаесамленьне сябе зь дзяржавай, успрыняцьцё тэрмінаў «грамадзтва» і «дзяржава» як сынонімаў.

Ідэалягічныя рэсурсы перамогаў Аляксандра Лукашэнкі закладваліся на працягу ўсяго савецкага пэрыяду беларускай гісторыі. Савецкая дзяржава ад пачатку маніфэставала сябе як дзяржаву народу — рабочых і сялянаў. У камуністычнай міталёгіі народ і дзяржава зьліваліся. Калі прыхільнікі дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі ацэньвалі саму савецкую мадэль палітычнага і дзяржаўнага будаўніцтва як непаўнацэнную і заганную, дык бальшыня насельніцтва проста не атрымала ўяўленьняў пра магчымыя альтэрнатывы гэтай мадэлі.

У часы савецкага рэжыму ўлада камуністычнай партыі сьцьвярджала сябе ў якасьці народнай пры дапамозе інстытуту Саветаў народных дэпутатаў. Зь іх дапамогай монапартыйная сыстэма забясьпечвала адбор кандыдатаў, якія папаўнялі савецкія кіраўнічыя і партыйныя кадры, што, у прынцыпе, было адным і тым жа. Але разам з тым Саветы забясьпечвалі бачнасьць народнага волевыяўленьня.

Незадаволенасьць беларускага насельніцтва камуністычным рэжымам была, у першую чаргу, незадаволенасьцю фактычнай сацыяльнай няроўнасьцю, якая існавала ў савецкай сыстэме, але стала адмаўлялася яе ідэалягічнымі інстытутамі. Непразрыстая для шараговых грамадзянаў савецкая ўлада стварала квазістанавыя групы, партыйна-бюракратычную эліту, што мелі высокі сацыяльны статус, распараджаліся рэсурсамі ўлады-ўласнасьці ў сваіх інтарэсах. Аднак само існаваньне такіх групаў супярэчыла базысным савецкім міталягемам роўнасьці, народаўладзьдзя, ураўняльнай сацыяльнай справядлівасьці.

Камуністычная партыя дыскрэдытавала сябе ў ваччу беларускага насельніцтва. Аднак бальшыня, якая ня мела іншых уяўленьняў пра дэмакратыю апрача тых, што ўзьнікалі на падставе камуністычнай міталёгіі, пратэставала якраз супраць савецкага істэблішмэнту, аднак ня супраць саміх прынцыпаў, якія былі абвешчаныя, але не рэалізаваліся ў савецкай дзяржаве.

У Беларусі адсутнічала ў пэрыяд паміж абвяшчэньнем незалежнасьці і прэзыдэнцкімі выбарамі, а потым і ня ўзьнікла, сыстэма прадстаўніцтва інтарэсаў, характэрная для дэмакратычнага грамадзтва. Замест гэтага пасьля прэзыдэнцкіх выбараў разьвілася масавая практыка звароту насельніцтва беспасярэдне да прэзыдэнта з нагоды любых праблемаў, што былі ў кампэтэнцыі мясцовых органаў улады. У Адміністрацыю прэзыдэнта прыходзяць дзясяткі тысячаў зваротаў грамадзянаў, тысячы людзей імкнуцца патрапіць на асабісты прыём. Замест ідэнтыфікаваных апанэнтаў або прыхільнікаў беларускаму рэжыму супрацьстаіць хаатычны канглямэрат дэзарыентаваных, зьнявераных людзей.