Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 27

Валер Булгакаў

28 лістапада Палата прадстаўнікоў прыняла пастанову адклікаць зварот дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў Канстытуцыйны Суд, пад якім засталося толькі 63 подпісы, недастатковыя для такога звароту.

АФІЦЫЙНЫЯ ВЫНІКІ РЭФЭРЭНДУМУ 1996 ГОДУ І ДАДЗЕНЫЯ САЦЫЯЛЯГІЧНЫХ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯЎ

Паводле афіцыйных зьвестак, апублікаваных Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, вынікі плебісцыту 24 лістапада 1996 году па кожным з пытаньняў выглядаюць наступным чынам (гл. табл.).

Крыху іншыя лічбы былі атрыманыя ў Менску. Тут у галасаваньні ўзялі ўдзел 850.627 чалавек, — 68,9 адсотку ад агульнай колькасьці выбарцаў. Зь ліку тых, хто, паводле афіцыйных дадзеных, браў удзел у галасаваньні, 73,1 адсотку менчукоў падтрымалі прапанову аб пераносе сьвяткаваньня Дня незалежнасьці з 27 на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 24,6 адсотку выказаліся супраць.

45,2 адсотку менчукоў ад агульнай колькасьці выбарцаў — жыхароў гораду прагаласавалі за прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі, і толькі 14 адсоткаў — за дэпутацкі. Супраць прагаласавалі адпаведна 18,1 і 48,1.

71,6 адсотку грамадзянаў, што ўдзельнічалі ў галасаваньні, выказаліся супраць свабоднай (без абмежаваньняў) куплі і продажу зямлі. «За» прагаласавалі 25,6.

«Супраць» скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Менску прагаласавалі 68,2 адсотку грамадзянаў, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, «за» — 29,1.

Адрозьніваюцца ад агульнарэспубліканскай карціны ў Менску і вынікі галасаваньня па шостым і сёмым пытаньнях. За прапанову аб абраньні кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады беспасярэдне жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў сталіцы выказаліся 52,6 адсотку галасуючых, «супраць» — 4,1. Наконт прапановы аб публічным фінансаваньні ўсіх галінаў улады і толькі зь дзяржаўнага бюджэту: «за» выказаліся 61,8 адсотку, «супраць» — 34,9 адсотку грамадзян ад колькасьці галасуючых.

Афіцыйныя вынікі галасаваньня розьняцца ад дадзеных сацыялягічных дасьледаваньняў. Напрыклад, лябараторыя «Новак», адна з найбольш аўтарытэтных сацыялягічных службаў Беларусі пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага, за два месяцы да рэфэрэндуму і напярэдадні рэфэрэндуму праводзіла апытаньне розных групаў выбарцаў. Звычайны каэфіцыент хібнасьці пры аналягічных дасьледаваньнях складае 3—4%. Але ў выпадку зь беларускім рэфэрэндумам 24 лістапада 1996 году розьніца па шэрагу пытаньняў дасягала 30%. Гэта змушае засумнявацца ў афіцыйных выніках плебісцыту (гл. таб.).

АЦЭНКІ ВЫНІКАЎ РЭФЭРЭНДУМУ

Падазрэньні што да аб’ектыўнасьці вынікаў рэфэрэндуму таксама выклікае параўнаньне зьвестак пра яўку выбарцаў на галасаваньне па рэфэрэндуме і на давыбары дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Колькасьць выбарцаў, што бралі ўдзел у давыбарах, была значна меншай за колькасьць грамадзян, якія прагаласавалі на тых жа выбарчых участках па пытаньнях рэфэрэндуму. Гэта наводзіць на думку пра фальсыфікацыю вынікаў рэфэрэндуму, асабліва ў пэрыяд з 18.00 да 22.00. Калі а 18.00 было зафіксавана, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел толькі 59,5 адсотку выбарцаў, то праз чатыры гадзіны, а 22.00 прагаласавала ўжо 84,2 адсотку.