Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 28

Валер Булгакаў

25 лістапада 1996 году, пасьля падвядзеньня папярэдніх вынікаў галасаваньня, Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю. На ёй было заяўлена, што рэфэрэндум прайшоў беззаганна і апанэнтам прэзыдэнта будзе цяжка настойваць на незаконнасьці і парушэньнях у часе галасаваньня. Тое, што напярэдадні а 18.00 удзел у галасаваньні ўзялі толькі 59,5 адсотку выбарцаў, а да 22.00 — ужо 84,2 адсотку, Аляксандар Лукашэнка растлумачыў тым, што жыхары гарадоў да таго часу ўжо вярнуліся з дачных участкаў. На пытаньні, колькі каштаваў рэфэрэндум і адкуль былі ўзятыя грошы на яго правядзеньне, прэзыдэнт адказаў, што фінансаваньне вялося з дабрачынных унёскаў; каля 13 мільярдаў рублёў паступіла на разьліковы рахунак ад грамадзянаў і прадпрыемстваў. Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што перадачы, трансьляваныя ў дзень галасаваньня па беларускім радыё, ён ня лічыць агітацыяй на сваю карысьць, бо людзей проста прасілі прыйсьці на выбарчыя ўчасткі.

26 лістапада Служба інфармацыі і інфармацыйных тэхналёгіяў Савету Эўропы распаўсюдзіла прэс-рэліз з заявай прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Лені Фішар, што рэфэрэндум у Беларусі можа мець толькі кансультацыйнае значэньне.

Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі прызнаў вынікі рэфэрэндуму незаконнымі. Была прынятая адпаведная заява ад 26 лістапада 1996 году з асуджэньнем рэфэрэндуму і шматлікіх парушэньняў, дапушчаных пры яго правядзеньні.

Пытаньні аб зьменах і дапаўненьні Канстытуцыі выносіліся адпаведна з заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада і пастановай Вярхоўнага Савету ад 6 лістапада 1996 году на кансультацыйны рэфэрэндум. Аляксандар Лукашэнка сваім указам надаў вынікам галасаваньня па гэтых пытаньнях абавязковы характар. Валер Ціхіня, старшыня Канстытуцыйнага Суду, у лісьце ад 26 лістапада 1996 году на імя Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі і сьпікера Вярхоўнага Савету адзначыў, што ўсе дзяржаўныя органы і службовыя асобы пры ацэнцы вынікаў рэфэрэндуму павінны кіравацца заключэньнем Канстытуцыйнага Суду і пастановай Вярхоўнага Савету.

Рэакцыя расійскага кіраўніцтва на вынікі беларускага рэфэрэндуму была дастаткова стрыманай, аднак Расія прызнала перамогу Аляксандра Лукашэнкі.

Заходнія дзяржавы на вынікі рэфэрэндуму адрэагавалі зусім не зычліва. Яшчэ 21 лістапада прэзыдэнт Рады Эўрапейскага Зьвязу Дзік Спрынг накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з выказваньнем заклапочанасьці напружаным становішчам у беларускім грамадзтве напярэдадні рэфэрэндуму. Дзік Спрынг падкрэсьліў, што Эўрапейскі Зьвяз падзяляе сумненьні ў канстытуцыйнасьці правядзеньня рэфэрэндуму, выказаныя АБСЭ.