Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 25

Валер Булгакаў

Ува ўказе ад 5 лістапада 1996 году № 455, парушаючы Канстытуцыю і Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусі», Аляксандар Лукашэнка вызначыў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Далей, ува ўказе ад 7 лістапада 1996 году № 459 было пастаноўлена, што заключэньне Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 ня дзейснае, бо істотна разыходзіцца з Канстытуцыяй і абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме. Таксама ўва ўказе была беспасярэдняя пагроза на адрас дзяржаўных органаў, якія перашкаджаюць правядзеньню рэспубліканскага рэфэрэндуму. Паводле пункту 5 гэтага ўказу, дзейнасьць такіх дзяржаўных органаў спынялася, а вінаватыя прыцягваліся да адказнасьці.

9 лістапада 1996 году, або за два тыдні да рэфэрэндуму, пачалося галасаваньне. Прычым праводзілася яно яшчэ да публікаваньня канчатковых тэкстаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі. Праект прэзыдэнцкай Канстытуцыі выйшаў чатырохмільённым накладам 12 лістапада. Альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, прапанаваны дэпутатамі Вярхоўнага Савету, быў апублікаваны толькі 21 лістапада. Грамадзяне практычна ня мелі магчымасьці зь ім азнаёміцца. Такім чынам, фармальна, абодва праекты былі прапанаваныя для абмеркаваньня, але фактычна насельніцтву накідваўся прэзыдэнцкі праект.

19 лістапада 1996 году на ініцыятыву 73 дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ў Канстытуцыйным Судзе пачаўся разгляд справы «Аб парушэньні Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі Лукашэнкам Аляксандрам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі». Разгляд быў прызначаны на 22 лістапада 1996 году. У той жа час з боку прэзыдэнта зьдзяйсьняўся ўціск на дэпутатаў, якія падпісалі прапанову аб праверцы адпаведнасьці ўказаў прэзыдэнта Канстытуцыі. Выкарыстоўваліся кампрамат, пагрозы звальненьня з працы, а ў некаторых выпадках і пагрозы фізычнай расправы.

У ноч з 21 на 22 лістапада паміж прэзыдэнтам Лукашэнкам і Старшынём Вярхоўнага Савету Шарэцкім было падпісанае Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі. Цікава, што падпісаньне адбылося пры ўдзеле найвышэйшых службовых асобаў Расійскай Фэдэрацыі, якія адумысьля прыехалі ў Менск і ўзялі на сябе ролю арбітраў у спрэчцы беларускіх галінаў улады.

У склад расійскай дэлегацыі ўваходзілі віцэ-прэм’ер па сувязях з краінамі СНД Валер Сяроў, старшыня Дзяржаўнай думы Расійскай Фэдэрацыі Генадзь Селязьнёў і, пазьней, прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін. Пры іх удзеле ў ноч з 21 на 22 лістапада і прайшлі перамовы паміж Сямёнам Шарэцкім, Старшынём Канстытуцыйнага Суду Валерам Ціхінем і Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле Пагадненьня, прэзыдэнт Лукашэнка абавязваўся скасаваць свае ўказы ад 5 лістапада 1996 году № 455 і ад 7 лістапада 1996 году № 459. Гэтым ён прызнаваў рэкамэндацыйны характар рэфэрэндуму па пытаньнях зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі 1994 году. А Вярхоўны Савет у асобе старшыні Сямёна Шарэцкага мусіў адклікаць з Канстытуцыйнага Суду прапанову дэпутатаў аб імпічмэнце прэзыдэнта.