Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 29

Валер Булгакаў

24 лістапада Беларусь наведала дэлегацыя Эўрапарлямэнту на чале з Гербэртам Бэршэм. Адбыліся рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету і прадстаўнікамі парлямэнцкіх фракцыяў. Асноўная ўвага надавалася парушэньням, дапушчаным пры падрыхтоўцы і правядзеньні рэфэрэндуму.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Глін Дэвіс на брыфінгу 25 лістапада заявіў, што афіцыйны Вашынгтон расчараваны правядзеньнем беларускім кіраўніцтвам рэфэрэндуму, які, паводле АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў, быў незаконны. ЗША таксама далучыліся да іх ацэнак. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту пералічыў парушэньні, дапушчаныя выканаўчай уладай у часе рэфэрэндуму. Беларускаму ўраду было прапанавана выправіць становішча, абвясьціўшы вынікі рэфэрэндуму неабавязковымі.

Дадзеныя пра вынікі беларускага плебісцыту ня выклікалі даверу ў міжнароднай супольнасьці. Афіцыйныя вынікі паказваюць на яўную перавагу прэзыдэнта ў супрацьстаяньні Вярхоўнаму Савету ў пытаньнях абмежаваньня паўнамоцтваў заканадаўчай улады. Аднак гэтыя вынікі выклікаюць абгрунтаваныя сумненьні. Назіральнікі, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў зафіксавалі шматлікія парушэньні заканадаўства ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня і ў дзень рэфэрэндуму.

ПАРУШЭНЬНІ, ДАПУШЧАНЫЯ Ў ЧАСЕ РЭФЭРЭНДУМУ

Парадак прызначэньня і правядзеньня рэфэрэндумаў на момант правядзеньня рэфэрэндуму па Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусі рэгуляваўся нормамі Канстытуцыі і Закону 1991 году «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусі». Паводле гэтага закону, падрыхтоўка і правядзеньне рэфэрэндуму мусяць зьдзяйсьняцца публічна. Але дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі аднабакова ўзьдзейнічалі на насельніцтва, пра што, у прыватнасьці, гаворыць дасьледаваньне групы міжнародных назіральнікаў ад Эўрапейскага інстытуту па СМІ. Гэтая група вызначыла, што 90 адсоткаў этэрнага часу, прысьвечанага рэфэрэндуму, было разьмеркавана на карысьць прэзыдэнта. «Выбарцы Беларусі былі пазбаўленыя магчымасьці дэмакратычнага выбару, паколькі перадвыбарная кампанія вялася аднабакова».

У адпаведнасьці з Законам (артыкул 9), падрыхтоўка прызначанага рэфэрэндуму і яго правядзеньне павінны ажыцьцяўляцца за кошт бюджэту. Таксама могуць быць выкарыстаныя і добраахвотныя ўнёскі прадпрыемстваў і арганізацыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянаў, якія перадаюцца адпаведным камісіям па рэфэрэндуме. Па словах прэзыдэнта Лукашэнкі, рэфэрэндум нічога не каштаваў для бюджэту, бо яго правядзеньне забясьпечылі дабрачынныя ўнёскі. Аднак пазабюджэтнае фінансаваньне рэфэрэндуму стварыла сур’ёзныя праблемы ў кантраляваньні за разьмеркаваньнем выкарыстаных сродкаў.

Згодна з артыкулам 15 Закону, тэкст праекту рашэньня, што выносіцца на рэфэрэндум, мае быць апублікаваным не пазьней за дзесяць дзён пасьля прыняцьця пастановы аб правядзеньні рэфэрэндуму. Аднак ужо пасьля апублікаваньня праекту зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі ў ім былі зробленыя істотныя папраўкі.

Артыкул 28 Закону прадугледжвае, што ў выпадку, калі менш чым за пятнаццаць дзён да рэфэрэндуму высьветліцца, што ўключаны ў сьпіс галасуючых грамадзянін ня мае магчымасьці прагаласаваць у дзень рэфэрэндуму, ён мае права атрымаць ува ўчастковай камісіі бюлетэнь для галасаваньня. Датэрміновае галасаваньне дапускаецца толькі ў выключных выпадках. У пастанове Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ад 14 лістапада 1996 году «Аб тлумачэньні асобных артыкулаў Закону Рэспублікі Беларусі «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусі» вызначана, каго лічыць грамадзянамі, якія ня маюць магчымасьці прыбыць у дзень рэфэрэндуму для галасаваньня. Да іх ліку належаць грамадзяне, якія не раней за пятнаццаць дзён пакідаюць межы Рэспублікі Беларусі, не вяртаюцца назад да дня правядзеньня рэфэрэндуму і здольныя пацьвердзіць гэта дакумэнтальна. Участковая выбарчая камісія абавязана весьці асаблівы ўлік такіх выбарцаў з указаньнем дакумэнтальных зьвестак, што пацьвярджаюць матывы кожнага факту датэрміновага галасаваньня. Але, насуперак Закону і пастанове Вярхоўнага Савету, у Беларусі праводзілася масавае датэрміновае галасаваньне. Выбарцаў адкрыта заклікалі прагаласаваць да афіцыйна прызначанай даты, 24 лістапада.