Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 26

Валер Булгакаў

22 лістапада паўнамоцныя прадстаўнікі дэпутатаў Вярхоўнага Савету хадайнічалі аб прыпыненьні справы, а прадстаўнікі прэзыдэнта — аб яе поўным спыненьні. Падставай для абодвух бакоў было падпісаньне пагадненьня паміж сьпікерам Вярхоўнага Савету, Старшынём Канстытуцыйнага Суду і прэзыдэнтам. Разгледзеўшы хадайніцтвы, суд прыпыніў справу.

Аднак пагадненьне не было выкананае. Для таго каб яно атрымала юрыдычную моц, патрабавалася ратыфікацыя Вярхоўнага Савету. Аднак прапрэзыдэнцкая фракцыя дэпутатаў Вярхоўнага Савету «Згода» садзейнічала зрыву ратыфікацыі. Напярэдадні перамовінаў фракцыя «Згода» зьвярнулася да дэпутатаў з заклікам супрацоўнічаць з выканаўчай уладай. Але пры галасаваньні па ратыфікацыі пагадненьня яе чальцы прагаласавалі супраць ратыфікацыі. Гэта дазволіла прэзыдэнту абвінаваціць Вярхоўны Савет у няздольнасьці ісьці на кампрамісы і адмовіцца ад абавязкаў, узятых на сябе ў сувязі з падпісаньнем пагадненьня. Напярэдадні рэфэрэндуму прэзыдэнт Лукашэнка аднавіў дзеяньне сваіх указаў аб абавязковым характары рэфэрэндуму па пытаньні прыняцьця зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі.

Увесь гэты час працягвалася прапагандысцкая кампанія на карысьць ініцыятываў беларускага прэзыдэнта. У электронных СМІ, практычна цалкам падкантрольных прэзыдэнцкай групоўцы, гледачам дзясяткі разоў на дзень прапаноўвалася падтрымаць пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Асабліва актыўна ў часе падрыхтоўкі рэфэрэндуму дзейнічалі органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, камандаваньне вайсковымі часткамі атрымалі канкрэтныя дырэктывы забясьпечыць перамогу прэзыдэнцкага праекту Канстытуцыі. Штабы па правядзеньні рэфэрэндуму ахапілі сваім уплывам ці ня ўсё насельніцтва краіны. Грамадзян з розных прычын, у тым ліку й пад прымусам, схілялі галасаваць датэрмінова, хаця гэта было парушэньнем Закону аб рэфэрэндуме. Вялася беспрэцэдэнтная агітацыйная праца на карысьць прэзыдэнцкіх пытаньняў. Аляксандар Лукашэнка з мэтай прапаганды наведаў шэраг гарадоў, буйных прадпрыемстваў, выступаў на шматлюдных форумах. Усе рэсурсы выканаўчай улады былі накіраваныя на дасягненьне перамогі на рэфэрэндуме.

Дзеля перамогі ішлі нават на адкрытыя парушэньні закону. 14 лістапада 1996 году адбылося незаконнае адхіленьне ад пасады старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Віктара Ганчара. Гэты акт быў выкліканы папярэдняй публічнай заявай Ганчара, які папярэдзіў, што адмовіцца падпісваць выніковы пратакол рэфэрэндуму, калі й надалей будуць працягвацца парушэньні заканадаўства.

24 лістапада 1996 году адбывалася афіцыйнае галасаваньне грамадзянаў. У гэты ж дзень праводзіліся паўторныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савету і мясцовых Саветаў у акругах, дзе яны раней не адбыліся.

Афіцыйна абвешчаныя вынікі паказалі поўную перамогу прэзыдэнта. У першыя ж дні пасьля рэфэрэндуму ляяльныя Аляксандру Лукашэнку дэпутаты Вярхоўнага Савету перайшлі ў створаную прэзыдэнтам Палату прадстаўнікоў — марыянэткавы орган, пакліканы імітаваць заканадаўчую ўладу. У Палаце атрымалі месцы 70 адсоткаў чальцоў фракцыі «Згода», палова дэпутатаў аграраў і палова камуністаў.