Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 24

Валер Булгакаў

З 9 да 24 лістапада 1996 году ў Беларусі на ініцыятыву прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены чарговы рэфэрэндум. Прававой падставай для правядзеньня рэфэрэндуму стала пастанова Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ад 6 верасьня 1996 году «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Беларусі і захадах для яго забесьпячэньня». У адпаведнасьці з пунктам 2 гэтай пастановы на рэфэрэндум былі вынесеныя дзьве групы пытаньняў: ініцыяваныя прэзыдэнтам і прапанаваныя групай дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Прэзыдэнт прапанаваў чатыры пытаньні:

1. Перанесьці Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. 2. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі 1994 году зь зьменамі і дапаўненьнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі), прапанаванымі Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнкам. 3. Ці выступаеце Вы за свабодныя, без абмежаваньняў, куплю і продаж зямлі? 4. Ці падтрымліваеце Вы скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусі?

Група дэпутатаў Вярхоўнага Савету ініцыявала тры пытаньні:

1. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі 1994 году зь зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцыяў камуністаў і аграраў. 2. Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады выбіраліся беспасярэдне жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі? 3. Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна зьдзяйсьняцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?

Згодна з пунктам 3 пастановы, пытаньні пра прыняцьцё Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі 1994 году з прапанаванымі зьменамі і дапаўненьнямі выносіліся на абавязковы рэфэрэндум.

На просьбу Старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, а таксама на ўласную ініцыятыву, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусі праверыў шэраг палажэньняў гэтай пастановы Вярхоўнага Савету з гледжаньня адпаведнасьці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі. У выніку судовага разьбіральніцтва Канстытуцыйны Суд прызнаў, што пункт 3 пастановы, які прадугледжваў вынясеньне пытаньняў зьменаў і дапаўненьняў на абавязковы рэфэрэндум, не адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі.

На падставе гэтага заключэньня Вярхоўны Савет зьмяніў сваю пастанову ад 6 верасьня 1996 году. На абавязковы рэфэрэндум былі вынесеныя толькі пытаньні пра перанос Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дня Рэспублікі) і выбарнасьць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.

Прэзыдэнт Лукашэнка не пагадзіўся з заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада і пастановай Вярхоўнага Савету ад 6 лістапада 1996 году. Ён выдаў два ўказы, што датычылі будучага рэспубліканскага рэфэрэндуму.