Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 23

Валер Булгакаў

Прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстоўваў савецкія міталягічныя комплексы і спэцыфічныя стэрэатыпы. Да 1995 году значная частка насельніцтва так і ня вызначылася са сваімі палітычнымі прыярытэтамі. Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, што забясьпечылі ягоную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, адчувалі настальгію па часах, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР, сумавалі па гарантаваным спажывецкім мінімуме і стабільнасьці. Шматлікі савецка-беларускі электарат жадаў не ліквідацыі заганнага савецкага ладу, бо проста не ўсьведамляў ягонай заганнасьці, а паляпшэньня матэрыяльнага дабрабыту.

Вярнуць СССР, сацыялістычны лад і ягоныя мізэрныя гарантыі не маглі ні Вячаслаў Кебіч, ні Аляксандар Лукашэнка. Супярэчнасьць паміж незваротнасьцю гісторыі й апраўданьнем электаральных спадзеваў на вяртаньне ў СССР разьвязвалася, як і цяпер, у адпаведнасьці са схемай, выкарыстанай на рэфэрэндуме 1995 году. Аляксандар Лукашэнка, ад імя народу замяняючы герб і сьцяг на квазісавецкія сымбалі, прапанаваў свайму электарату сублімацыю вяртаньня ў савецкія часы. У сытуацыі прынцыпова немагчымага звароту да ранейшага сацыялістычнага ладу ён даў электарату сымбалічную замену гэтага вяртаньня.

Замест рэальнага разьвязаньня праблемаў грамадзтву паказвалі разьвязаньне гэтых праблемаў па тэлебачаньні, як і ў Савецкім Саюзе. Прэзыдэнцкія прапагандысты вярталі прыкметы сацыялізму. Дзяржаўны сьвяточны каляндар зноў быў перароблены пад афіцыйную гісторыю Савецкай Беларусі. Выкладаньне гісторыі вярнулася да савецкіх схемаў.

РЭФЭРЭНДУМ 1996 ГОДУ. СУПРАЦЬСТАЯНЬНЕ ПРЭЗЫДЭНТА, ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ І КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДУ

У студзені 1996 году пачаў сваю працу Вярхоўны Савет 13 скліканьня, аднак ён ня стаў супрацьвагай выканаўчай уладзе. Савет ня меў доступу да дзяржаўных СМІ, самастойнага інфармацыйнага і матэрыяльнага забесьпячэньня. А дэпутаты, што прыйшлі ў Вярхоўны Савет, ня мелі дастатковай палітычнай волі, каб супрацьстаяць дыктату прэзыдэнта. Тым ня менш, існаваньне нават такога Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйнага Суду стварала ў пэрспэктыве пагрозу асабістай уладзе прэзыдэнта Лукашэнкі. Ён імкнуўся юрыдычна замацаваць дасягнутыя аўтарытарныя пазыцыі і дамагчыся, каб бальшыня насельніцтва ўспрымала такую ўзурпацыю як легітымную і мэтазгодную.

Аляксандар Лукашэнка і яго каманда зьвярнуліся да чарговага рэфэрэндуму, на гэта раз у пытаньні новай Канстытуцыі. Новая Канстытуцыя прадугледжвала канцэнтрацыю ўсёй улады ў руках прэзыдэнта і пераўтварэньне Вярхоўнага Савету, Канстытуцыйнага Суду і мясцовых органаў улады ў выключна фармальныя інстытуты, што ня маюць рэальнай улады. Цалкам гэтыя інстытуты нельга было ліквідаваць. Яны павінны былі забясьпечваць працэдуры, якія б імітавалі разьдзяленьне ўладаў. А Лукашэнка і ягоная каманда пасьлядоўна зьдзяйсьнялі ліквідацыю зародкаў дэмакратычнай сыстэмы. Ужо назапашаныя адміністрацыйныя, фінансавыя і ідэалягічныя рэсурсы цалкам гэта дазвалялі.

Сродкі масавай інфармацыі былі сканцэнтраваныя ў руках прэзыдэнцкай групоўкі. Афіцыйныя СМІ прапагандавалі неабходнасьць адзінаасобнай улады. У якасьці ўзору разглядаліся Арабскія эміраты, Саудаўскае каралеўства, дзе «на тле абсалютнай адзінаасобнай улады... прадстаўнічыя органы калі й існуюць, дык толькі ў якасьці дэкарацыі, каб не нэрваваць сусьветнай прагрэсіўнай грамадзкасьці». Публікаваліся лісты прыхільнікаў прэзыдэнта з масы шараговых грамадзянаў, у якіх яны патрабавалі ўвядзеньня простага прэзыдэнцкага кіраваньня.