Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 22

Валер Булгакаў

РЭФЭРЭНДУМ 1995 ГОДУ. КРЫЗЫС НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАГА РУХУ

Першы беларускі прэзыдэнт знаходзіўся на пасадзе ўжо блізу год, але яўнага паляпшэньня ўзроўню жыцьця не назіралася. Тым часам нарасталі супярэчнасьці паміж Вярхоўным Саветам і прэзыдэнтам. Патрэбны быў сродак, здольны ўзмацніць пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі, умацаваць яго ідэалягічныя рэсурсы ў барацьбе за адміністрацыйныя і эканамічныя. Аляксандар Лукашэнка дзейнічаў паводле апрабаванай папулісцкай схемы. Пасьля выдаленьня пратэстуючых дэпутатаў з будынку Вярхоўнага Савету ў красавіку 1995 году прэзыдэнт дамогся правядзеньня рэфэрэндуму.

14 траўня, у дзень выбараў новага складу Вярхоўнага Савету, адбыўся ініцыяваны прэзыдэнтам рэфэрэндум з пытаньнямі пра статус расійскай мовы, дзяржаўную сымболіку і паўнамоцтвы прэзыдэнта. Галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ўзмацненьне ідэалягічнага рэсурсу прэзыдэнцкай групоўкі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, атрыманьне народнага дазволу на парушэньне прынцыпу разьдзяленьня ўладаў.

На рэфэрэндум былі вынесеныя 4 пытаньні. Першае пытаньне, пра мову, улічваючы, што працэс русіфікацыі зайшоў глыбока, было загадзя выйгранкавым. Трэцяе і чацьвертае пытаньні не былі дакладна сфармуляваныя. Гэта былі сафістычныя пытаньні, якія дазвалялі тлумачыць іх у залежнасьці ад кан’юнктуры. А вось у першым пытаньні не канкрэтызавалася, што трэба разумець пад роўнасьцю статусаў расійскай і беларускай моваў. Аднак бальшыня насельніцтва, не валодаючы дастатковай інтэлектуальнай культурай, не зьвярнула ўвагі на сафістычны характар фармулёвак. На рэфэрэндуме ўсе прапановы Аляксандра Лукашэнкі былі падтрыманыя бальшынёй (гл. таб.).

Рэфэрэндум паклаў канец спробам на працягу 1990—1995 гадоў умацаваць статус беларускай мовы. Гэты ж рэфэрэндум стаў санкцыяй да павелічэньня аўтарытарнай улады прэзыдэнта.

Пры аналізе пытаньняў, вынесеных на рэфэрэндум 1995 году, цікавасьць выклікае пытаньне пра дзяржаўную сымболіку Рэспублікі Беларусі. Замена бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» на стары, чырвона-зялёны сьцяг БССР без камуністычных сымбаляў, сярпа і молата, а таксама герба, што вельмі нагадваў савецкі, выконвала пэўную функцыю ў барацьбе прэзыдэнта за электарат. Замена герба й сьцяга была папулісцкім захадам. Але каб зразумець сэнс гэтага акту, трэба разгледзець, чаму ж гэтае дзеяньне было сапраўды папулісцкім.

Другое пытаньне, пра герб і сьцяг, было сфармуляванае найбольш карэктна з чатырох. Акурат у другім пытаньні, пазбаўленым лягічных хібаў, была схаваная схема, адпаведна зь якой будаваліся адносіны беларускага прэзыдэнта і яго электарату. І далей кіруючыся гэтай схемай, прэзыдэнт забясьпечыў сабе падтрымку найбольш кансэрватыўнай, агрэсіўна-пасіўнай часткі беларускага грамадзтва.