Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 21

Валер Булгакаў

Увесну 1996 году ў Менску праходзілі масавыя выступленьні супраць аб’яднаньня Беларусі і Расіі. Выступленьні жорстка здушаліся, дзясяткі ўдзельнікаў былі схопленыя і атрымалі розныя тэрміны арышту. У турму трапілі лідэры БНФ Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, журналісты Ўладзімер Дзюба і Алег Трызна.

У жніўні 1995 году быў здушаны страйк у менскім мэтро. У арганізацыі страйку Лукашэнка абвінаваціў ЗША і польскую «Салідарнасьць». Арганізатары страйку былі звольненыя з працы, некалькі прафсаюзных актывістаў, у тым ліку дэпутат парлямэнту, былі арыштаваныя. Дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу Беларусі была прыпыненая прэзыдэнцкім указам.

Увосень 1995 году Аляксандр Лукашэнка агучыў ідэю падпарадкаваньня ўсіх галінаў улады кіраўніку дзяржавы. Пад выглядам простага прэзыдэнцкага кіраваньня ён адкрыта дамагаецца ўвядзеньня рэжыму асабістай улады. Дысбалянс паміж галінамі ўлады ўзмацняўся. У верасьні 1995 году Вярхоўны Савет 12 скліканьня пад ціскам прэзыдэнта спыніў працу. Той жа восеньню прэзыдэнт Лукашэнка адмовіўся выконваць пастановы Канстытуцыйнага Суду. Суд страціў вызначаныя яму Канстытуцыяй функцыі і стаў, па сутнасьці, кансультацыйным органам.

У кастрычніку 1995 году беспасярэднім загадам з адміністрацыі прэзыдэнта дзяржаўныя друкарні Беларусі скасавалі дамовы на друкаваньне ўплывовых апазыцыйных газэт: «Наша Ніва», «Свабода», «Имя», «Белорусская деловая газета». Гэтыя выданьні былі выключаныя з падпісных каталёгаў. Дзяржаўная агенцыя распаўсюджваньня СМІ «Белсаюздрук» адмовілася распаўсюджваць іх у раздроб.

Пры канцы 1995 году прэзыдэнт аднавіў дзеяньне сваіх указаў, скасаваных Канстытуцыйным Судом.

На паўторных выбарах у Вярхоўны Савет 29 лістапада — 10 сьнежня 1995 году былі даабраныя 80 дэпутатаў. Неабходны мінімум быў абраны. У падкантрольных прэзыдэнту СМІ ўжо актыўна праводзілася кампанія па дыскрэдытацыі дэпутатаў і ў цэлым Вярхоўнага Савету як інстытуту дзяржаўнай улады.

У пачатку 1996 году была нацыяналізаваная міжбанкаўская валютная біржа і на паўгоду спыненая рэгістрацыя суб’ектаў гаспадараньня. У 1996 годзе паводле дамовы аб мытным саюзе паміж Беларусяй і Расіяй была ліквідаваная мытная мяжа паміж дзьвюма краінамі, што дазваляла беларускаму боку атрымліваць зыск ад ільготнага ўвозу тавараў на супольную мытную тэрыторыю.