Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 20

Валер Булгакаў

Выбары ў Вярхоўны Савет праводзіліся па мажарытарнай сыстэме, якая раней дазваляла старой намэнклятуры кантраляваць працэс выбараў на пэрыфэрыі і стрымліваць уплыў палітычных партыяў. Але цяпер выбары не адбыліся празь нізкую яўку выбарцаў. 8 траўня адбыўся другі тур выбараў. У выніку было абрана толькі 119 дэпутатаў. Гэтай колькасьці не ставала для правядзеньня першага правамоцнага паседжаньня Вярхоўнага Савету. Для пачатку працы новага Вярхоўнага Савету патрабавалася ня менш за 174 дэпутаты, згодна з Канстытуцыяй, — дзьве траціны ад 260, г. зн. ад агульнай колькасьці дэпутатаў. Зь ліку абраных дэпутатаў пераважную бальшыню складалі прадстаўнікі левых палітычных сілаў і супрацоўнікі выканаўчай улады. Стары склад працягнуў працу, іначай Беларусь засталася б без заканадаўчай улады.

Няўдалыя травеньскія выбары дазволілі прэзыдэнцкай групоўцы, спасылаючыся на Канстытуцыю, аспрэчваць правамоцнасьць Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Паводле артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, Вярхоўнаму Савету адводзіўся пяцігадовы тэрмін працы. Аднак, паводле артыкулу 91, завяршэньне тэрміну працы старога Вярхоўнага Савету вызначалася датай першага паседжаньня Вярхоўнага Савету новага скліканьня. Працяг працы старога Вярхоўнага Савету быў абгрунтаваны пацьверджаньнем Цэнтравыбаркаму пра тое, што выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня не адбыліся. Аднак заставалася яшчэ адна падстава для зрыву працы парлямэнту — няпэўнасьць кворуму, неабходнага для прыняцьця пастановаў. У 1990 годзе, пры выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, колькасьць дэпутатаў склала 254. Для кворуму было дастаткова 237 дэпутатаў, або дзьве траціны ад колькасьці абраных. Але на верасьнёўскай сэсіі 1995 году збіралася максымум 204 дэпутаты. Гэта давала Аляксандру Лукашэнку падставы не падпісваць законы, прынятыя Вярхоўным Саветам, бо на момант прыняцьця законапраекту не было кворуму. Старому дэпутацкаму корпусу перасталі плаціць заробак. Упраўленьне справаў прэзыдэнта захапіла маёмасьць Вярхоўнага Савету: вытворчае аб’яднаньне «Кастрычніцкае» з гатэлем, сталоўкай і аўтабазай.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусі разгледзеў пытаньне пра правамоцнасьць паседжаньняў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. 11 кастрычніка 1995 году ім было вынесенае заключэньне аб праве Вярхоўнага Савета 12 скліканьня зьдзяйсьняць свае паўнамоцтвы ў якасьці вышэйшага прадстаўнічага сталага органа ў поўным аб’ёме да першага паседжаньня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, калі той будзе абраны ў дастатковым складзе.

Але хаця фармальна Вярхоўны Савет ўсё яшчэ захоўваў свой статус вышэйшага заканадаўчага органа, фактычна яго ўлада была падарваная яшчэ ўвесну 1995 году. 11 красавіка прэзыдэнт Лукашэнка выступіў ў Вярхоўным Савеце з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму па 4 пытаньнях: аб наданьні расійскай мове статусу дзяржаўнай; аб зьмене дзяржаўнай сымболікі; аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб надзяленьні прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт. Дэпутаты адхілілі ўсе пытаньні акрамя пытаньня аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум будзе праведзены, нягледзячы на пастанову парлямэнту. У адказ на гэта 18 дэпутатаў ад дэмакратычнай апазыцыі абвінавацілі прэзыдэнта ў парушэньні Канстытуцыі і абвясьцілі галадоўку. Уначы з 11 на 12 красавіка яны былі гвалтоўна выдаленыя з будынку Вярхоўнага Савету. У апэрацыі бралі ўдзел вайскоўцы ўнутраных войскаў, атрад міліцыі асаблівага прызначэньня, служачыя галоўнага ўпраўленьня аховы МУС, а таксама падразьдзяленьні, чыя ведамасная прыналежнасьць не была высьветленая старшым сьледчым па асабліва важных справах пры Генэральным пракурору Рэспублікі Беларусі. У дзяржаўных СМІ гэты факт практычна не асьвятляўся. Ніякіх радыкальных дзеяньняў у адказ на разгон дэпутатаў Вярхоўны Савет не зрабіў. На наступны дзень дэпутаты Вярхоўнага Савету прынялі прапанову прэзыдэнта. Да міжнароднай супольнасьці Вярхоўны Савет не зьвярнуўся.