Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 19

Валер Булгакаў

Прыйшоўшы да ўлады, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў барацьбу супраць усіх сілаў, якія нібыта перашкаджалі простаму волевыяўленьню народу, — супраць бюракратыі, незалежных судоў, прэсы, прадпрымальнікаў, парлямэнту, палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. На справе гэта была барацьба з сыстэмай стрымак і процівагаў выканаўчай уладзе.

Захопу ўлады прэзыдэнтам і яго абкружэньнем спрыяла слабасьць дэмакратычных сілаў у самім Вярхоўным Савеце. У кастрычніку 1994 году Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыняў закон, згодна зь якім кіраўнікі мясцовых адміністрацыяў надалей не абіраліся мясцовымі Саветамі, а прызначаліся асабіста прэзыдэнтам. Парлямэнцкая бальшыня, якая належала старой савецкай эліце, спадзявалася пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету атрымаць пасады на месцах, і скасавала мясцовае самакіраваньне.

У сьнежні 1994 году Аляксандр Лукашэнка забараніў друкаваць у газэтах даклад дэпутата Сяргея Антончыка пра злоўжываньні ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Агульнанацыянальныя газэты выйшлі зь белымі палосамі, дзе павінны былі публікавацца выдаленыя цэнзурай матэрыялы з дакладу Сяргея Антончыка. У пачатку 1995 году амаль усе рэдактары агульнанацыянальных газэт былі замененыя. Таксама была ўсталяваная поўная манаполія выканаўчай улады на тэлебачаньне.

Пачынаючы зь вясны 1995 году прэзыдэнцкая ўлада бярэцца за перадзел уласнасьці. Упраўленьне справаў прэзыдэнта на чале зь Іванам Ціцянковым перавяло на свой балянс усе найбольш прэстыжныя будынкі ў Менску, якія раней знаходзіліся на балянсе дзяржаўных установаў. Плата за арэнду ў гэтых будынках пераводзіцца ў прэзыдэнцкую скарбонку.

У траўні 1995 году ў Беларусі адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет. Выканаўчая ўлада стварала максымальна неспрыяльныя ўмовы для правядзеньня выбараў: абмежаваны доступ да СМІ; забаронена праводзіць агітацыію за межамі выбарчых акругаў, па якіх балятаваліся кандыдаты; максымальна дапушчальныя сродкі, выдаткаваныя на выбарчую кампанію аднаго дэпутата, абмяжоўваліся 50 USD. Усім ахвотным работнікам прадпрыемстваў даваўся адпачынак з 1 да 15 траўня. Гэта да мінімуму зьнізіла іх удзел у выбарах, аднак паставіла ў выгадныя ўмовы кандыдатаў, зьвязаных з старой элітай, — дырэктараў саўгасаў і заводаў, дзяржаўных установаў.