Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 15

Валер Булгакаў

ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ 1994 ГОДУ. ПЕРАРАЗЬМЕРКАВАНЬНЕ РЭСУРСАЎ УЛАДЫ. ТРАНСФАРМАЦЫЯ ПАЛІТЫЧНАЙ ПРАСТОРЫ БЕЛАРУСІ ПРЭЗЫДЭНЦКАЯ РЭСПУБЛІКА ЯК СРОДАК РЭПРАДУКЦЫІ СТАРОЙ ЭЛІТЫ

Старая беларуская эліта катэгарычна не жадала дзяліцца эканамічнай і палітычнай уладай беспасярэдне з суб’ектамі гаспадараньня. Дэмакратычныя працэсы ў беларускім грамадзтве, рух за нацыянальнае адраджэньне сустрэлі яе супраціў. Захаваўшы адміністрацыйныя рэсурсы, палітычны й эканамічны ўплыў, яна канчаткова страціла легітымнасьць у ваччу бальшыні беларускага насельніцтва.

Пакуль ня скончыўся тэрмін паўнамоцтваў старога Вярхоўнага Савету, савецкая эліта не рабіла яўных спробаў зьмяніць існуючы лад. Аднак выбары ў новы Вярхоўны Савет маглі сур’ёзна аслабіць яе пазыцыі. Насельніцтва ж, нават тая частка, што ўсё яшчэ падзяляла камуністычныя ідэі, ненавідзела намэнклятурны істэблішмэнт.

Надыход заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету змусіў савецкую эліту шукаць новыя спосабы захаваньня ўлады. Паколькі моцнай падтрымкі насельніцтва ў яе не было, спатрэбіўся легітымны мэханізм канцэнтрацыі і пераразьмеркаваньня рэсурсаў на яе карысьць. Такім мэханізмам меў стаць інстытут прэзыдэнта. Дзеля ўвядзеньня пасады прэзыдэнта трэба было прыняць новую Канстытуцыю і правесьці выбары.

Перад выбарамі намэнклятура ўзмацніла свае пазыцыі. У верасьні 1993 году прэзыдыюм Вярхоўнага Савету адмовіўся падтрымаць ініцыятыву Станіслава Шушкевіча склікаць пазачарговую сэсію дзеля разгляду сытуацыі ў эканоміцы, прыняцьця Канстытуцыі і прызначэньня датэрміновых выбараў. Сам Станіслаў Шушкевіч быў зьняты з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. Прычынай адстаўкі сталі беспадстаўныя абвінавачаньні ў карупцыі, высунутыя супраць Станіслава Шушкевіча Аляксандрам Лукашэнкам. Істотную ролю ў адхіленьні Станіслава Шушкевіча таксама адыгралі камуністы і прадстаўнікі праімпэрскага Нацыянальнага Руху Беларусі, што сядзелі ў Вярхоўным Савеце. А ў студзені 1994 году на гэтую пасаду быў абраны прадстаўнік парлямэнцкай бальшыні Мечыслаў Грыб.

У сакавіку 1994 году была прынятая новая Канстытуцыя, якая вызначала Беларусь як унітарную дэмакратычную сацыяльную прававую дзяржаву зь вяршэнствам і паўнінёй улады на сваёй тэрыторыі, што самастойна праводзіць унутраную і замежную палітыку. У якасьці асноваў канстытуцыйнага ладу Канстытуцыя замацоўвала палітычны плюралізм, падзел уладаў, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, роўнасьць формаў уласнасьці, прынцып неўжываньня сілы альбо пагрозы сілай у стасунках зь іншымі дзяржавамі. Забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў абвяшчалася найвышэйшай мэтай дзяржавы. Але ў сацыяльна-эканамічнай сфэры рэдакцыя адпаведных артыкулаў новай Канстытуцыі захавала пераемнасьць з старой Канстытуцыяй 1978 году.