Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 14

Валер Булгакаў

У выніку разрыву гаспадарчых сувязяў, што існавалі ў СССР, і пераходу былых савецкіх рэспублік да рынкавай эканомікі, старая беларуская эліта была вымушаная прыстасоўвацца да новай эканамічнай сытуацыі. Паралельна з спробамі паразытаваць на руінах старой адміністрацыйнай эканомікі СССР і расійскіх рэсурсах, беларуская намэнклятура пачала працэс прыватызацыі. Пасьля набыцьця незалежнасьці і роспуску камуністычнай партыі фактычным гаспадаром у Беларусі стала дзяржаўная бюракратыя. Гэта была ўсё тая ж старая савецкая эліта, якая адмовілася ад камуністычнай ідэалёгіі, але якая захавала сваё становішча і доступ да рэсурсаў улады-ўласнасьці. Час яе панаваньня прыпаў на пэрыяд паўнамоцтваў ураду Вячаслава Кебіча, 1991—1994 гады.

Першапачатковаму назапашваньню капіталу дзяржаўнай бюракратыяй спрыялі палітыка стрымліваньня росту цэнаў на тле іх шпаркага росту ў іншых рэспубліках былога СССР і маніпуляваньне валютнымі курсамі. Прыватызацыя фінансаў зрабіла магчымай прыватызацыю дзяржаўнай маёмасьці, але Вярхоўны Савет не стварыў адпаведнага заканадаўчага забесьпячэньня прыватызацыі. І таму прыватызацыя пачалася паводле часовых нормаў, зацьверджаных Саветам міністраў. Спробы вышэйшага кіраўніцтва працягваць разьвіцьцё Беларусі паводле сацыялістычнай мадэлі стварылі спрыяльныя ўмовы для злоўжываньняў і прысабечаньня дзяржаўнай маёмасьці. Ацэньваньне маёмасьці рабілася не паводле яе рынкавага кошту, а паводле рэшткавага кошту бугальтарскага балянсу. Прыватызаваныя аб’екты купляліся за бесцань. У 1992—1994 гадох старая беларуская эліта пераходзіла ад канчаткова збанкрутаванай сацыялістычнай эканамічнай мадэлі да алігархічнага капіталізму.

Аднак раўналежна з намэнклятурнай прыватызацыяй расла незадаволенасьць насельніцтва. Эканамічнае становішча пагаршалася. Папулісцкія захады ўраду выклікалі высокую інфляцыю. У 1992—1994 гадох цэны ўзрасьлі ў 432 разы, а аб’ем ВУП зьнізіўся на 20%. Узровень жыцьця за пэрыяд з 1990 да 1994 году ўпаў амаль удвая. Рэзка ўзрасло сацыяльнае расслаеньне. Розьніца ў даходах 10% найбольш багатых і 10% найбольш бедных сем’яў павялічылася ў 13 разоў (у Расіі — у 15 разоў у 1995 годзе з 4,5 разу ў 1991 годзе). У савецкага істэблішмэнту не было неабходнага рэпрэсіўнага апарату для задушэньня незадаволенасьці і ўзурпацыі ўлады. Не было і неабходнага палітычнага мэханізму легітымацыі старой эліты ў якасьці новай кіруючай клясы. Тым часам набліжаўся канец паўнамоцтваў старога Вярхоўнага Савету зь яго намэнклятурным лёбі. Насельніцтва не рабіла ніякіх сур’ёзных антыўрадавых выступаў, аднак, калі б у той час у Беларусі зьявілася палітычная сіла, здольная яго кансалідаваць і накіраваць яго энэргію супраць старой эліты, урад спыніў бы сваё існаваньне. Становішча старой эліты захоўвалася дзякуючы слабасьці апазыцыі, разгубленасьці і разьяднанасьці насельніцтва Беларусі.