Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 16

Валер Булгакаў

Галоўнай мэтай прыняцьця новай Канстытуцыі для старой эліты была зьмена формы кіраваньня. Парлямэнцкая рэспубліка станавілася прэзыдэнцкай рэспублікай. Валодаючы дастатковымі адміністрацыйнымі і фінансавымі рэсурсамі, старая эліта разьлічвала паставіць на чале выканаўчай улады свайго чалавека, Вячаслава Кебіча ці, у горшым выпадку, Аляксандра Лукашэнку, захаваць сваё лёбі ў той ці іншай форме.

ПАРАЗА КАНДЫДАТАЎ АД НАМЭНКЛЯТУРЫ І АПАЗЫЦЫІ. АБРАНЬНЕ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ

Аналізуючы ход прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году, Валер Карбалевіч піша: «Выбары 1994 году ў Рэспубліцы Беларусі былі ўнікальныя. Беларусь заставалася адзінай дзяржавай у Эўропе, дзе ўва ўладзе знаходзілася кіраўніцтва, абранае яшчэ за камуністычным рэжымам. Апошні раз беларускія грамадзяне прыходзілі да выбарчых скрыняў у 1990 г. За гэты час у суседніх краінах (напрыклад, у Польшчы) ужо двойчы пераабіраўся парлямэнт, былі выбары прэзыдэнта. Зьмянілася эпоха, зьмянілася дзяржава, пачаўся пераход да іншай эканамічнай і палітычнай сыстэмы. А тут час быццам застыў. Ува ўладзе быў усё той самы ўрад, сфармаваны яшчэ ЦК КПБ».

Старая эліта валодала значна большымі адміністрацыйнымі і эканамічнымі рэсурсамі дзеля прасоўваньня свайго кандыдата і забесьпячэньня яго выбарчай кампаніі. Апрача таго, рабіўся разьлік на ўзрастаньне ідэалягічнага рэсурсу за кошт уваходжаньня Беларусі ў грашовую сыстэму Расіі. Меркавалася, што імгненны эфэкт ад зьліцьця грашовых сыстэмаў і паразытаваньне на расійскіх рэсурсах падвысяць рэйтынг Вячаслава Кебіча. Таму прысьпешваўся працэс прыняцьця новай Канстытуцыі, якая прадугледжвала пасаду прэзыдэнта. Нацыяналістычная і дэмакратычная апазыцыя імкнулася парушыць пляны ўраду. Стараючыся перашкодзіць падпісаньню дамовы аб рублёвай зоне, у студзені 1994 году лідэр БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў у «Народнай газэце» артыкул «Аб рускім імпэрыялізьме і яго небясьпецы». Артыкул зьмяшчаў беспрэцэдэнтна рэзкія абвінавачаньні Расіі ў імпэрыялістычнай палітыцы што да Беларусі.

Кандыдатамі ў прэзыдэнты былі зарэгістраваныя шасьцёра прэтэндэнтаў: Старшыня Савету міністраў Беларусі Вячаслаў Кебіч, старшыня Сойму Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Аляксандар Лукашэнка, былы Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня калгасу «Прагрэс» Гарадзенскага раёну, старшыня Рады калгасаў Беларусі Аляксандар Дубко, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васіль Новікаў.

Прыхільнікамі старой савецкай сыстэмы ў тым ці іншым выглядзе, за саюз з Расіяй і супраць рынкавых рэформаў выступілі Вячаслаў Кебіч, Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў, Аляксандар Дубко. За рынкавыя рэформы, незалежнасьць ад Расіі і супраць адзінай рублёвай зоны выступалі Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч.