Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 17

Валер Булгакаў

Выбары адбываліся ў два туры. У першым адсеяліся ўсе прэтэндэнты, акрамя Аляксандра Лукашэнкі і Вячаслава Кебіча. Але ўжо ў першым туры за Аляксандрам Лукашэнкам замацавалася яўная перавага (гл. таб.).

У другім туры Аляксандар Лукашэнка перамог. За яго прагаласавала 80% ад тых, хто ўзяў удзел у выбарах, або 56% грамадзянаў Беларусі з правам голасу.

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА І ЭЛЕКТАРАЛЬНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

У выбарчай кампаніі дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў ужо адпрацаваны ў час барацьбы за дэпутацкае крэсла імідж чалавека з народу, ужо апрабаваныя раней прыёмы: выкрыцьцё ўлады, прапанова простых рашэньняў складаных праблемаў, абвінавачаньні.

Перад выбарамі Аляксандар Лукашэнка ачольваў антыкарупцыйную камісію Вярхоўнага Савету. Яе стварэньне было зьвязанае з тагачаснай намэнклятурнай прыватызацыяй, якая выклікала незадаволенасьць насельніцтва і давала апазыцыі сур’ёзную перавагу ў змаганьні з камандай Вячаслава Кебіча і прасавецкай бальшынёй у Вярхоўным Савеце. Акурат пад ціскам апазыцыі і грамадзкасьці 4 чэрвеня 1993 году была створаная «Часовая камісія Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі для вывучэньня дзейнасьці камэрцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіраваньня». Камісія атрымала даволі вялікія паўнамоцтвы, уключаючы праверку любой дакумэнтацыі ўсіх арганізацыяў, у тым ліку недзяржаўных. На прызначэньні Лукашэнкі настояў Станіслаў Шушкевіч, спадзеючыся, што бескампрамісны дэпутат выкрые незаконныя дзеяньні каманды Вячаслава Кебіча.

Але ні бальшыня Вярхоўнага Савету, ні апазыцыя не ацанілі амбіцыяў Аляксандра Лукашэнкі. Па сутнасьці, уся ягоная дзейнасьць на чале антыкарупцыйнай камісіі была прапагандысцкай кампаніяй, пасьпяховай барацьбой за павелічэньне ўжо атрыманых ідэалягічных і адміністрацыйных рэсурсаў. Дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі ўжо ў той пэрыяд стала пачаткам ягонай прэзыдэнцкай кампаніі.

З пачатку 1994 г. Лукашэнка разьвіваў дасягнуты посьпех, выступаючы ў Вярхоўным Савеце, увесь час ківаў на кампрамат супраць высокіх асобаў, у тым ліку дэпутатаў. Абвастраўся канфлікт паміж Аляксандрам Лукашэнкам і часткай старой намэнклятуры. У прэсе і па радыё ён вінаваціў у незаконных махінацыях віцэ-прэм’ераў Станіслава Брыля і Мікалая Косьцікава, міністра абароны Паўла Казлоўскага, міністра замежных справаў Пятра Краўчанку і міністра вонкаваэканамічных сувязяў Уладзімера Радкевіча, а Вячаслава Кебіча — у спрыяньні парушальнікам закону. Ён езьдзіў па Беларусі, выступаў перад працоўнымі калектывамі і расказваў пра беззаконьне ўва ўладзе. Напярэдадні выбараў, насуперак намаганьням СМІ, якія тады былі падкантрольныя камандзе Вячаслава Кебіча, рэйтынг Лукашэнкі імкліва рос.

Запозьненасьць сацыяльных пераўтварэньняў адыграла важную ролю ў вызначэньні пажаданьняў насельніцтва. Першыя дэмакратычныя выбары першага беларускага прэзыдэнта адбываліся ў пэрыяд больш глыбокага сыстэмнага крызысу, чымся ў суседніх дзяржавах. Аднак і сам мэнталітэт беларускага насельніцтва, у тым ліку і палітычных элітаў, спрыяў захаваньню ранейшай сыстэмы патэстарных дачыненьняў, улады дзяржаўнай бюракратыі і гамаваньню рынкавых рэформаў.