Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 13

Валер Булгакаў

Эканамічны крызыс, які ўсё больш нарастаў, кіраўніцтва Беларусі тлумачыла дзеяньнямі Масквы. Старшыня Савету міністраў БССР Вячаслаў Кебіч увесь час падкрэсьліваў, што ў пагаршэньні жыцьця людзей вінаваты саюзны Цэнтар. Характэрна, што лідэр БНФ Зянон Пазьняк таксама вінаваціў у крызысе ня толькі беларускую партыйную намэнклятуру, якая па-ранейшаму заставалася ўва ўладзе, але і Маскву, што імкнулася задушыць беларускую незалежнасьць. Такім чынам, ува ўяўленьнях насельніцтва як прадстаўнікамі старой эліты, так і БНФ (хоць і міжволі) укаранялася думка пра згубныя наступствы распаду СССР. У першым выпадку намэнклятура сьвядома пераносіла адказнасьць на Расію. У другім — ня ўлічваўся магчымы эфэкт антысавецкіх і антырасійскіх выступленьняў у сытуацыі падзеньня ўзроўню жыцьця ў краіне, дзе рэсурс савецкай сыстэмы ня быў вычарпаны гэтак, як ува Ўкраіне, а нацыянальны рух быў значна слабейшым за астатнія рэспублікі СССР.

Акурат дзеяньнямі Масквы тлумачыўся рост бюджэтнага дэфіцыту, разбурэньне спажывецкага рынку, развал фінансавай і грашова-крэдытнай сыстэмаў. Беларускае кіраўніцтва імкнулася засьцерагчы сябе ад дзеяньняў саюзнага кіраўніцтва. Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову пра вываз тавараў масавага спажываньня за межы рэспублікі толькі з дазволу ўраду. Аднак спробы захаваць сацыялістычную эканоміку і спыніць эканамічны спад ня мелі посьпеху.

Спробы ізаляцыі не прыносілі жаданых вынікаў. Акрамя таго, функцыянаваньне эканомікі БССР залежала ад паставак сыравіны, энэрганосьбітаў і камплектуючых з Расіі й іншых рэспублік СССР — якія не купляліся, а разьмяркоўваліся саюзнымі інстытутамі. Пры канцы 1991 году Расія абвясьціла пра пачатак радыкальный рынкавай рэформы і лібэралізацыі цэнаў. Тады ўрад Беларусі таксама быў вымушаны аб’явіць пра лібэралізацыю цэнаў з 1 студзеня 1992 году. Аднак цэны на хлеб, мясамалочныя прадукты, дзіцячыя тавары, жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт заставаліся фіксаванымі.

Ужо пасьля ўтварэньня СНД, улетку 1993 году Беларусь перажыла энэргетычны крызыс. Савет міністраў пачаў прапагандаваць ня проста ідэю эканамічнага хаўрусу з Расіяй, а ідэю палітычнага і дзяржаўнага аб’яднаньня, канфэдэрацыі краінаў СНД.

У верасьні 1993 году Беларусь і Расія падпісалі пагадненьне пра стварэньне адзінай рублёвай зоны. Канкрэтную дамову меркавалася падпісаць у студзені 1994 г. Прадугледжвалася ўвядзеньне ў Беларусі і Расіі супольнай грашовай адзінкі, расійскага рубля. Але, разам з тым, Нацыянальны банк Беларусі захоўваў усе функцыі, улучаючы эмісійную. Урадавая прапаганда Беларусі абяцала павышэньне даходаў грамадзянаў у 2—3 разы. Але ў верасьні-сьнежні 1993 году ў Расіі разьвіваўся збройны канфлікт паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі. Перамога Барыса Ельцына і яго прыхільнікаў паставіла ўрад Вячаслава Кебіча ў складанае становішча. Савецкія кансэрватары з Савету міністраў і беларускага Вярхоўнага Савету былі змушаныя супрацоўнічаць з расійскімі рэфарматарамі. Захаваньне ранейшага высокага статусу старой беларускай эліты патрабавала моцнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічныя працэсы. Аднак Расія, зь перамогай ельцынскай групоўкі, абрала больш лібэральную мадэль эканамічнага разьвіцьця.