Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 12

Валер Булгакаў

Асноўную ўвагу ў разьвіцьці беларускай культуры апазыцыя надавала ўкараненьню беларускай мовы ў якасьці дзяржаўнай, вызнаючы ідэю пра мову як пра падмурак фармаваньня нацыі. Сыстэма адукацыі пераводзілася на беларускую мову навучаньня: да 1994 году ў школах на беларускай мове навучалася больш за 60% вучняў першых клясаў. Паралельна зьдзяйсьняўся пераход на беларускую мову ў тэхнікумах і вышэйшых навучальных установах, у першую чаргу выкладаньне гуманітарных дысцыплінаў. Значна менш пасьпяхова ішло ўкараненьне беларускай мовы ў сфэры дзяржаўнага справаводзтва.

Але разам з пашырэньнем беларусізацыі ўзрастала незадавальненьне як у асяродку пэдагогаў і чыноўнікаў, так і сярод расійскамоўных інтэлектуалаў, якія складалі значную частку прыхільнікаў беларускай апазыцыі. У СМІ распачалася зацятая дыскусія наконт інтэнсіўнага ўкараненьня беларускае мовы. Перавага была ў прыхільнікаў хуткага й шырокага распаўсюджаньня беларускай мовы, якія мелі ключавыя пазыцыі ў СМІ. Але ў цэлым бальшыня насельніцтва ставілася да беларускай мовы абыякава і не вітала ейнага інтэнсіўнага ўкараненьня. Паводле перапісу насельніцтва, што праводзіўся ў Савецкім Саюзе ў 1989 годзе, 20% этнічных беларусаў лічылі сваёй роднай мовай расійскую. Аднак, паводле перапісу, што праводзіўся ў 1999 годзе, у паўсядзённым жыцьці беларускай мовай карыстаецца менш за 40% насельніцтва.

КРЫЗЫСНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІЦЫ Й НАМЭНКЛЯТУРНАЯ ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ

Захаваньне савецкай намэнклятурай старых пазыцыяў у эканамічнай і адміністрацыйнай сфэры (у выпадку з цалкам дзяржаўнай эканомікай гэтыя сфэры супадалі) рабіла старую эліту адказнай за пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. Дзеля рэабілітацыі ў ваччу насельніцтва старая эліта эксплюатавала міталягізаваныя ўяўленьні савецкіх беларусаў пра функцыянаваньне эканомікі. Крытыка самога прынцыпу цэнтралізаванага кантролю вытворчасьці і разьмеркаваньня пачалася ў Беларусі толькі з распадам СССР. Бальшыня насельніцтва, чые ўяўленьні пра эканоміку абмяжоўваліся школьным курсам грамадазнаўства — вульгарызаванымі трактоўкамі асноваў марксісцкай палітэканоміі — проста ня мела катэгарыяльнага апарату, каб асэнсаваць працэсы, якія адбываліся. (Пасьля, значна больш эфэктыўна, антыкапіталістычную мэнтальнасьць беларускага насельніцтва будзе скарыстоўваць у сваёй папулісцкай рыторыцы Аляксандар Лукашэнка.)

Пераход да рынкавай эканомікі азначаў страту ўлады-ўласнасьці і пераўтварэньне бюракратыі ў звычайнага выканаўцу інтарэсаў уласьнікаў. У 1990—1991 гадох беларуская намэнклятура спрабавала кансэрваваць сацыялістычную сыстэму. Дзеля гэтага трэба было наладзіць цэнтралізаванае забесьпячэньне прадпрыемстваў рэсурсамі і захаваць дзяржаўную ўласнасьць.

5 жніўня 1990 году па ініцыятыве беларускага ўраду адбылася рабочая нарада кіраўнікоў урадаў Беларусі, Летувы, Латвіі, Эстоніі й прадстаўнікаў Расіі й Малдовы. Нарада была прысьвечаная праблемам беспасярэдніх гаспадарчых сувязяў паміж гэтымі рэспублікамі СССР. На ініцыятыву Беларусі быў створаны своеасаблівы рынак — не для вытворцаў і спажыўцоў, а для ўрадаў рэспублік. Дзякуючы гэтаму ўдалося аднавіць нейкае падабенства сыстэмы цэнтралізаванага плянаваньня і блякаваць разьвіцьцё рынкавых стасункаў, хоць такая сыстэма забесьпячэньня функцыянавала зь перабоямі. Старыя адміністрацыйныя мэханізмы ўжо ня дзейнічалі.