Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 112

Валер Булгакаў

Гэтая пазыцыя зусім не азначала, што Крэмль жадае паспрыяць зьмене ўлады ў Беларусі: Лукашэнка задавальняў Расію. Яе пазыцыя тлумачылася і тым, што ў 1999 годзе ў Расіі пасьлядоўна зьмяніліся тры ўрады: Прымакова, Сьцяпашына і, у рэшце рэшт, Пуціна. Падрыхтоўка расійскім кіраўніцтвам другой чачэнскай кампаніі толькі павялічвала зацікаўленасьць Расіі ў Лукашэнку. Ува ўмовах ціску з боку Захаду (ад заяваў пра парушэньні правоў чалавека да пагрозаў прыняцьця эканамічных санкцыяў) Расіі былі б вельмі выгадныя катэгарычныя заявы беларускага прэзыдэнта аб падвоеных стандартах заходняй палітыкі або аб пастаноўцы на баявое дзяжурства пад Віцебскам палка расійскіх міжкантынэнтальных балістычных ракет «Топаль-М» у адказ на пашырэньне НАТО на ўсход…

На прасторы СНД інтарэсы Расіі, як правіла, уваходзілі ў супярэчнасьць з інтарэсамі ЗША, а ў меншай ступені — з інтарэсамі іншых дзяржаваў Захаду. Падтрымкай Лукашэнкі, паўнамоцтвы якога з 21 ліпеня 1999 году станавіліся для Захаду нелегітымнымі, Расія на прасторы СНД стварала важны для сваёй вонкавай палітыкі прэцэдэнт. Прэзыдэнт краіны, якая ўваходзіць у СНД, непрызнаны зь якіхсьці прычынаў Захадам, можа атрымаць падтрымку Расіі пры ўмове правядзеньня прарасійскай палітыкі, выкарыстаць гэты рэсурс для таго, каб захаваць уладу.

У сытуацыі заканчэньня тэрміну сваіх легітымных паўнамоцтваў прэзыдэнт Лукашэнка чакаў ад Расіі падтрымкі, якая для атаесамлялася зь пераходам на новы віток інтэграцыі ў межах беларуска-расійскага саюзу (і, тым самым, катэгарычным прызнаньнем прэзыдэнтуры Лукашэнкі Расіяй) і аднаўленьнем у ранейшым аб’ёме паставак энэрганосьбітаў у Беларусь (заданьнем-максымум тут было зьніжэньне на іх цэнаў).

Стратэгічнай мэтай Лукашэнкі было захаваньне ўлады, нягледзячы на пэрспэктыву непрызнаньня легітымнасьці ўлады з боку ўнутрыпалітычнага апанэнта — апазыцыі — і вонкавапалітычнага апанэнта — прыхільнага да дэмакратычнай апазыцыі Захаду. Дасягненьне гэтай мэты прадугледжвала актыўныя, прадуманыя дзеяньні на ўсіх трох франтох — што да Расіі, дэмакратычнай апазыцыі і Захаду. У выпадку іх посьпеху рэжым мог ня толькі абараніць свае пазыцыі, але і аслабіць у краіне пазыцыі сваіх апанэнтаў.

Сканчэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году, устрыманьне Крамля ад актыўнай падтрымкі беларускага рэжыму, магчымая актывізацыя дэмакратычнай апазыцыі, пасьлядоўная пазыцыя Захаду, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ўвесну-ўлетку 1999 году і, як вынік, рост сацыяльнай напружанасьці — усё гэта падштурхоўвала Лукашэнку да перамовінаў. Пры гэтым Лукашэнка разумеў пад перамовінамі не дасягненьне пагадненьня паміж бакамі пры іх гатоўнасьці ісьці на ўзаемныя саступкі, а працэс абмену думкамі, каб выйграць час, узмацніць свае пазыцыі. Звыш таго, Лукашэнку ўдалося навязаць выгадны яму фармат перамовінаў не апошнюю чаргу дзякуючы фактару бягучага палітычнага моманту, бо дэмакратычная апазыцыя выйшла аслабленай з альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Яна ня мела дастаткова моцных пазыцыяў, каб быць паўнапраўным суб’ектам перамовінаў і каб прымусіць рэжым выканаць дасягнутыя пагадненьні.