Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 114

Валер Булгакаў

Яшчэ ў сьнежні 1998 году ў складзе вышэйшага эшалёну ўлады адбыліся два паказальныя прызначэньні. На пасаду міністра замежных справаў быў прызначаны У. Латыпаў, а дараднікам прэзыдэнта ў пытаньнях Расіі і СНД быў прызначаны Міхаіл Сазонаў. Апошні меў рэпутацыю майстра палітычнай інтрыгі.

З прызначэньнем кадравага контравыведніка Латыпава тактыка ўлады што да апазыцыі і КНГ АБСЭ набыла новыя рысы. Некаторымі расійскамоўнымі недзяржаўнымі СМІ праводзіцца кампанія прамоцыі Латыпава: яго прызначэньне падаецца як прыкмета магчымых зьменаў у вонкавай палітыцы рэжыму, наздвычай пазытыўна ацэньваецца сама асоба Латыпава. Сам Латыпаў робіць вельмі вывераныя крокі, каб узмацніць гэтае ўражаньне. У часе акцыі НАТО ў Югаславіі стрыманыя ацэнкі гэтай падзеі Латыпава выяўна кантрастуюць з эмацыйнымі інвэктывамі Лукашэнкі. На нейкі час ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка ня толькі сам вызначае вонкавапалітычны курс Беларусі, але і сам яго рэалізуе насуперак волі свайго найбліжшага атачэньня. Латыпаў жа застаецца ў ценю.

Пры канцы красавіка, пасьля сустрэчы Латыпава і Мясьніковіча з эўрапейскімі дыпляматамі, міжнароднай супольнасьці быў дадзены сыгнал: Латыпаў паспрыяў лібэралізацыі рэжыму перарэгістрацыі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. У адказ на заяву эўрапейскіх структураў аб неабходнасьці дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй без аніякіх папярэдніх умоваў з боку міністра замежных справаў Латыпава ніякіх катэгарычных адмоваў не прагучала. Заходняй дыпляматыі ўмела навязваўся пазытыўны імідж Латыпава.

Сытуацыя, якая склалася ў адносінах паміж прадстаўнікамі дэмсілаў і КНГ АБСЭ, стварала пагрозу расколу паміж імі. Настойлівасьць КНГ АБСЭ, якая ня бачыла альтэрнатывы перамовінам, магла пазбавіць беларускую апазыцыю спачуваньня і падтрымкі з боку Захаду. Дыстанцыя паміж апазыцыяй і Захадам, у сваю чаргу, была б на карысьць Лукашэнку. Урэшце, пасьля кансультацый прадстаўнікі КНГ АБСЭ і дэмсілаў сышліся ў тым, што нават пры правале перамовінаў гэта дазволіць яшчэ раз выявіць беларускаму грамадзтву сутнасьць існага рэжыму.

У чэрвені АБСЭ зрабіла першую спробу даць старт перамовам. На слуханьнях у «беларускім пытаньні», праводжаных Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ з 11 па 13 чэрвеня ў Бухарэсьце, былі запрошаныя прадстаўнікі, з аднаго боку, апазыцыйных палітычных партыяў, ВС 13 скліканьня, трэцяга сэктару, з другога боку — улады. Аднак прынялі запрашэньне толькі прадстаўнікі «дэмакратычнага» боку. Рэжым яшчэ ня быў гатовы да перамовінаў, ня меў прадуманага пляну дзеяньняў. Гэтым крокам беларускае кіраўніцтва таксама дало зразумець ініцыятарам перамовінаў, што яны будуць магчымыя толькі на падкантрольнай рэжыму тэрыторыі.

Гульня лукашэнкаўцаў пачалася толькі на пачатку ліпеня. 2 ліпеня ў Менску на сэсіі Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расіі Лукашэнка выступіў зь беспрэцэдэнтна рэзкай крытыкай Расіі, абвінаваціў кіраўніцтва гэтай дзяржавы ў грубым парушэньні саюзных дамоваў. 3 ліпеня Лукашэнка пацьвердзіў курс на паляпшэньне адносінаў з Захадам. 5 ліпеня міністар замежных справаў Латыпаў правёў брыфінг, на якім растлумачыў сутнасьць зьменаў у вонкавай палітыцы Беларусі: краіна ня можа заставацца па-за інтэграцыйнымі працэсамі ў Эўропе, таму будуць зробленыя крокі для нармалізацыі адносінаў з Захадам. У сувязі з гэтым найбліжэйшым заданьнем МЗС Беларусі будзе ўкладаньне пагадненьня з Эўрапейскім Зьвязам аб партнэрстве, а таксама часовага пагадненьня аб гандлёвым супрацоўніцтве. Пры гэтым Латыпаў адзначыў, што Расія застаецца стратэгічным партнэрам Беларусі. Такім чынам, ужо на пачатку гульні сталі бачнымі ролі, разьмеркаваныя сярод лукашэнкаўцаў. Асноўным акторам стаў дыплямат з кадэбісцкім мінулым Латыпаў, які рабіў заявы аб магчымых зьменах «у прававой сыстэме Беларусі» і аб гатоўнасьці «прэзыдэнта да адкрытай, сумленнай перадвыбарнай барацьбы».