Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 111

Валер Булгакаў

Выбарчая кампанія 1999 г., па сутнасьці, ператварылася ў палітычную акцыю, дзякуючы якой дэмсілы яшчэ раз нагадалі беларускім грамадзянам аб неабходнасьці глыбокіх дэмакратычных ператварэньняў усяго грамадзтва на падставе Канстытуцыі 1994 году. Нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўлады, разьвязаную ёй інфармацыйную вайну супраць апазыцыі, правядзеньне альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў істотна актывізавала беларускае грамадзтва.

Вынікам прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году таксама сталіся якасныя зьмены ў лягеры дэмакратычнай апазыцыі. Іншымі словамі, адбыўся раскол сярод беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама зьмяненьне палітычнага статусу некаторых буйных беларускіх палітыкаў.

17 траўня лідэр БНФ Зянон Пазьняк выступіў з рэзкай крытыкай дзейнасьці старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара і самога ЦВК. Іншыя лідэры БНФ — Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Юры Хадыка — фактычна дыстанцыяваліся ад выказваньняў свайго паплечніка па БНФ. Узьніклы крызыс у БНФ скончыцца ўвосень расколам гэтай партыі на дзьве структуры — Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка і партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі. Дзейнасьць жа самога Вярхоўнага Савету будзе дэзарганізавана ад’ездам старшыні ВС 13 скліканьня Шарэцкага ў Літву. Выконваць абавязкі старшыні ВС узяўся В. Ганчар. Яго зьнікненьне 16 верасьня 1999 г. фактычна паклала канец гэтай структуры.

Сыстэма ўлады і сыстэма апазыцыі пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году

Палітычную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі пры канцы траўня 1999 году пасьля заканчэньня кампаніі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, можна ацаніць як патавую. З аднаго боку, палітычныя апанэнты Лукашэнкі выкарысталі фактычна ўсе даступныя на той час магчымасьці аказаньня ціску на ўладу і тым ня менш не змаглі пахіснуць палітычных пазыцыяў дыктатара. З другога боку, беларускі прэзыдэнт выкарыстаў увесь арсэнал сродкаў барацьбы з апазыцыяй і тым ня менш не дасягнуў вырашальнага посьпеху ў барацьбе з дэмакратычнымі сіламі. Разам з тым, альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары акрэсьлілі асноўных удзельнікаў палітычнай гульні ў Беларусі. Дзеля яе геапалітычнага становішча яны не абмяжоўваюцца ўнутранымі палітычнымі акторамі. Удзельнікаў палітычнай гульні тут ня два, а чатыры: улада, апазыцыя, Захад і Расія.

Падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў з боку Захаду ў значнай ступені абумовіў арсэнал сродкаў, якія выкарыстоўвае беларускі рэжым у барацьбе са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Але пры ўсёй моцы сваіх геапалітычных уплываў Захад не стварыў эфэктыўных вагароў узьдзеяньня на беларускі рэжым.

Маштаб расійскай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі таксама ня ёсьць сталай велічынёй і залежыць ад бягучых палітычных канстэляцый. Напрыклад, пры канцы траўня 1999 г. расійскі істэблішмэнт, сур’ёзна заклапочаны інтэграцыйнымі ініцыятывамі Лукашэнкі, пайшоў на беспрэцэдэнтны акт націску на беларускі рэжым: энэргетычны расійскі манапаліст, РАО «ЕЭС Расіі», паведаміў аб скарачэньні паставак электраэнэргіі ў Беларусь; газавы расійскі манапаліст, кампанія «Газпром», пастанавіла скараціць пастаўкі газу. Лукашэнку далі зразумець, што пастаўляць электраэнэргію і энэрганосьбіты ў Беларусь па ўнутраных расійскіх цэнах ніхто ня будзе.