Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 110

Валер Булгакаў

Адносіны Беларусі з Захадам працягвалі пагаршацца. 20 красавіка намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Строўб Тэлбат сустрэўся зь міжнародным каардынатарам грамадзкай ініцыятывы «Хартыя’97» Андрэем Саньнікавым. 27—28 красавіка Менск наведалі кіраўнікі дэпартамэнтаў МЗС Нямеччыны (Кляўс Нойбэрт), Аўстрыі (Ёзэф Мітшаўэр) і Фінляндыі (Рэнэ Нібэрг). У першы дзень візыту яны сустрэліся зь міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым і кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілам Мясьніковічам. У другі — з прадстаўнікамі апазыцыі: старшынём ВС Сямёнам Шарэцкім, выканаўцам абавязкаў старшыні БНФ Лявонам Баршчэўскім і старшынём АГП Станіславам Багданкевічам.

Эўрапейскія дыпляматы далі зразумець прадстаўнікам Лукашэнкі, што ратыфікацыя дамовы паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусяй аб партнэрстве і супрацоўніцтве, а таксама ўкладаньне часовага гандлёвага пагадненьня будуць магчымымі толькі пры ўмове адмовы беларускіх уладаў ад рэпрэсіяў у дачыненьні да ініцыятараў і актывістаў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама ад зацягваньня перарэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці настойвалі на вызваленьні палітычных вязьняў (сярод якіх быў названы і Міхаіл Чыгір) і на правядзеньні дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй без аніякіх папярэдніх умоваў.

Сам Лукашэнка ў гэты час знаходзіўся ў Маскве. 28 красавіка адбылася яго сустрэча зь Ельцынам. Расійскі прэзыдэнт адмовіўся разглядаць просьбу Мілошавіча. Апрача гэтага, Масква, не вагаючыся, адкінула беларускі плян стварэньня саюзнай дзяржавы з пасадай саюзнага прэзыдэнта і навязала Лукашэнку свой — з абраньнем саюзнага парлямэнту зь мінімальнымі паўнамоцтвамі.

Тым часам у Беларусі арганізатары альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў здолелі стварыць сетку выбарчых участкаў. У сувязі зь немагчымасьцю арганізаваць стацыянарныя выбарчыя ўчасткі Цэнтравыбаркам пастанавіў правесьці галасаваньне з 6 па 16 траўня шляхам абыходу выбарцаў. Стала ясна, гэтыя выбары не адпавядаюць стандартам АБСЭ і запрасіць на іх міжнародных назіральнікаў ня ўдасца. Разьлічваць на міжнароднае прызнаньне кандыдата, які атрымае найбольшую колькасьць галасоў, прэзыдэнтам Беларусі таксама не выпадала. Міжнароднай супольнасьцю была прызнана легітымнай адно сама кампанія дэмакратычных сілаў па правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў.

Улада прыклала максымум намаганьняў, каб умовы правядзеньня выбараў з 6 па 16 траўня паставілі пад сумнеў вышэйазначаную пазыцыю міжнароднай супольнасьці. Галасаваньне праводзілася ў самых экстрэмальных умовах. Лідэр БНФ Зянон Пазьняк адмовіўся ад удзелу ў выбарах ужо пасьля пачатку галасаваньня. Да таго ж, увечары 7 траўня бясьсьледна зьнік адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі — былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

19 траўня былі падведзеныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле зьвестак старшыні ЦВК Віктара Ганчара, выбары адбыліся — у іх узялі ўдзел каля 53% беларускіх выбарцаў. Але назваць пераможцу Ганчар ня змог.