Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 109

Валер Булгакаў

Улада зразумела, што балканскі крызыс поўніцай разьвязвае ёй рукі ў адносінах з дэмакратычнай апазыцыяй. 16 сакавіка, на наступны дзень пасьля заявы кіраўніка місіі АБСЭ, у кватэру старшыні ЦВК ўварваліся блізка дзесяцёх супрацоўнікаў міліцыі і КДБ. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя матэрыялы, зьвязаныя зь дзейнасьцю ЦВК. «Дасягненьні» праваахоўных органаў у зрыве альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў былі адзначаныя Лукашэнкам. 23 сакавіка яго ўказам была нададзеная годнасьць генэрала першаму намесьніку міністра ўнутраных справаў Міхаілу Ўдавікову і начальніку Ўпраўленьня ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму Віталю Апанасевічу. Незалежныя СМІ адзначылі цікавы факт: калі М. Удавікоў атрымаў годнасьць генэрал-маёра адпаведна пасадзе, то В. Апанасевіч стаў адзіным зь міліцэйскіх начальнікаў абласной рангі, хто быў уганараваны ёй. Прычына гэтага навідавоку: аналіз падзеяў, зьвязаных з правядзеньнем альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, не пакідае сумневу, што акурат у Гомельскай вобласьці перасьлед апазыцыянэраў набываў найбольш радыкальныя формы.

Тым ня менш, у прызначаны ЦВК тэрмін, 31 сакавіка, ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзыдэнты — лідэра БНФ Зянона Пазьняка і экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра прадставілі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў. Кожны прэтэндэнт атрымаў падтрымку каля 130 тысяч грамадзянаў краіны. У той жа дзень ЦВК прыняў пастанову аб рэгістрацыі кандыдатаў. У адпаведнасьці зь ёй, з 1 красавіка распачыналася перадвыбарная кампанія. Тым часам Зянон Пазьняк вымушана знаходзіўся за мяжой, а дзяржаўныя СМІ неаднаразова нагадвалі пра намер улады арыштаваць лідэра найбуйнейшай апазыцыйнай партыі адразу пры яго перасячэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Каб стварыць кандыдатам «роўныя магчымасьці», улады 1 красавіка пайшлі на арышт Міхаіла Чыгіра. Экс-прэм’ер быў абвінавачаны па чыста крымінальных артыкулах у «эканамічных злачынствах», учыненых, нібыта, у 1993—1994 гг., калі Чыгір узначальваў камэрцыйны «Белаграпрамбанк» (артыкул 91 Крымінальнага кодэксу «крадзеж у асабліва буйных памерах» і 166 «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі»).

Арышт кандыдата ў прэзыдэнты выклікаў нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. Першы сакратар пасольства ЗША ў Беларусі Даяна Максэй выступіла з афіцыйнай заявай, у якой яшчэ раз нагадала, што «дэмакратычны мандат» Лукашэнкі выгасае 20 ліпеня 1999 году, і заклікала беларускага прэзыдэнта зьдзейсьніць пазытыўныя крокі для разьвязаньня гэтай праблемы шляхам дыялёгу з апазыцыяй.

Беларускі рэжым адрэагаваў на гэта гучнай вонкавапалітычнай акцыяй. 8 красавіка Слабадан Мілошавіч зьвярнуўся да кіраўнікоў Саюзу Расіі і Беларусі з просьбай прыняць у яго склад Югаславію і адразу атрымаў запэўніваньні, што яго просьба будзе разгледжана падчас найбліжэйшай сустрэчы Ельцына і Лукашэнкі. 14 красавіка, падчас бамбардаваньня НАТО Югаславіі, Лукашэнка дэманстрацыйна ляціць у Бялград да «славянскага брата» Слабадана.