Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 108

Валер Булгакаў

Адзначаючы абвастрэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі, 15 сакавіка кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік выступіў з прапановай пераадоленьня канстытуцыйнага крызысу шляхам правядзеньня перамовінаў паміж уладай і дэмакратычнай апазыцыяй паводле формулы «чатыры плюс адзін». Згодна зь ёй, з аднаго боку, у перамовінах мае ўдзельнічаць Аляксандар Лукашэнка, з другога — старшыня ВС 13 скліканьня Сямён Шарэцкі, старшыня ЦВК Віктар Ганчар, а таксама кандыдаты ў прэзыдэнты — Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір.

У адказ Міністэрства замежных справаў пацьвердзіла «неаднаразова заяўленую гатоўнасьць ураду Беларусі да дыялёгу з апазыцыяй і зацікаўленымі міжнароднымі арганізацыямі». Аднак бакі — місія АБСЭ, якая дзейнічала зь ведама старшыні АБСЭ Кнута Волебэка, і прадстаўнікі беларускага ўраду — у чарговы раз разышліся ў поглядах на юрыдычныя падставы перамовінаў. Ганс-Георг Вік нагадаў, што рэфэрэндум 1996 году, як гэта і было пазначана ў бюлетэнях для галасаваньня, меў не абавязковы, а кансультацыйны характар, і тым самым паставіў пад сумнеў вынікі рэфэрэндуму. У той жа час прадстаўнікі беларускага ўраду ў чарговы раз нагадалі пра гатоўнасьць улады весьці перамовы толькі на падставе «адназначных» вынікаў рэфэрэндуму 1996 году.

На гэтым фоне абвастраецца балканскі крызыс. У сярэдзіне сакавіка безвынікова скончыліся перамовіны ў Рамбуе паміж югаслаўскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці. Гэтая падзея аб’ектыўна пайшла на карысьць Лукашэнку, значна пашырыла прастору для яго гульні ў Беларусі і за яе межамі. Беларускаму кіраўніцтва стала ясна, што:

1) Улічваючы сымпатыі насельніцтва Беларусі да сэрбаў, кампанію Захаду супраць рэжыму Мілошавіча можна будзе прадставіць акурат як агрэсію супраць сэрбскага народу, стварыць імідж ЗША, НАТО і іншых вонкавапалітычных апанэнтаў рэжыму як агрэсараў, якія «імкнуцца да сусьветнай гегемоніі і таму ненавідзяць незалежную, свабодалюбівую палітыку прэзыдэнта Лукашэнкі». 2) Значна павялічваюцца магчымасьці для вядзеньня інфармацыйнай вайны супраць дэмакратычных сілаў Беларусі праз прэзэнтацыю іх як «пятай калёны» «натаўскіх агрэсараў». 3) Падзеі ў Югаславіі выклікаюць выбух зацікаўленьня з боку насельніцтва Беларусі (чаму ўсяляк спрыяцьме ўлада), што дазволіць канчаткова інфармацыйна задушыць кампанію апазыцыі па выбарах прэзыдэнта. 4) Расія будзе імкнуцца выкарыстаць канфлікт вакол Косава для рэваншу за кампанію Захаду супраць парушэньня правоў чалавека ў часе расійска-чачэнскай вайны 1994-1995 гадоў, паспрабуе ізноў заявіць сьвету аб сабе як [былой] супэрдзяржаве, з пазыцыяй якой трэба лічыцца. Гэта азначае, што вартасьць адзінага расійскага саюзьніка — Лукашэнкі — для Расіі рэзка падвысіцца. Расія ў агляднай пэрспэктыве ні пры якіх умовах ня «здасьць» Лукашэнку.